Улады Турцыі затрымалі апазіцыйнага мэра Стамбула, галоўнага канкурэнта Эрдагана

Экрэм Імамоглу

Экрэм Імамоглу / Reuters

Улады Турцыі затрымалі апазіцыйнага мэра Стамбула Экрэма Імамоглу і яшчэ каля 100 чалавек (а сярод іх — журналістаў і бізнесменаў). Імамоглу лічыўся асноўным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта Турцыі, якія пройдуць у 2027 годзе. Ён — галоўны канкурэнт прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Большасць затрыманых — супрацоўнікі мэрыі. У доме Экрэма Імамоглу прайшоў ператрус. Паліцыя спасылаецца на "маштабнае расследаванне карупцыйных злачынстваў" (гаворка ідзе пра "злачынную дзейнасць", звязаную з пэўнымі тэндэрамі, праведзенымі муніцыпалітэтам). Мэра абвінавачваюць у "карупцыі" і "дапамаганні тэрарыстычнай групоўцы".

У панядзелак Стамбульскі ўніверсітэт ануляваў дыплом Імамоглу аб вышэйшай адукацыі. Здарылася гэта пасля запыту Генпракуратуры, якая "выказвала сумненні ў яго легітымнасці". А ў адпаведнасці з заканадаўствам Турцыі, кандыдатам у прэзідэнты можа стаць чалавек толькі з вышэйшай адукацыяй. Такім чынам мэра Стамбула не дапускаюць да ўдзелу ў выбарах. Апазіцыйная Народна-рэспубліканская партыя (яе лідарам з'яўляецца Экрэм Імамоглу) назвала гэта "спробай дзяржаўнага перавароту супраць нашага наступнага прэзідэнта". Эрдаган кіруе Турцыяй ужо больш за два дзесяцігоддзі.

Па даных Reuters, пасля затрымання Імамоглу турэцкія ўлады абмежавалі доступ да некалькіх сацсетак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.