Украіна можа пачаць адчуваць дэфіцыт зброі і боепрыпасаў з лета — WSJ

Вайна ва Украіне / wsj.com
Украіна можа пачаць адчуваць дэфіцыт зброі і боепрыпасаў з лета 2025-га. У выпадку, калі ваенная дапамога ЗША спыніцца. Да таго часу яшчэ будзе хапаць буйных паставак зброі і боепрыпасаў, адпраўленых або замоўленых у канцы тэрміну адміністрацыі Джо Байдэна. У далейшым давядзецца эканомна расходаваць запас, расцягваць яго на даўжэйшы час, піша The Wall Street Journal.
Неназваны памочнік украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага сказаў выданню, што поўнае спыненне амерыканскіх паставак — "гэта найгоршы сцэнар". У гэтым выпадку Украіне давядзецца нарошчваць уласную вытворчасць і ўсё больш спадзявацца на пастаўкі з еўрапейскіх краін. І Еўропа "рыхтуецца папоўніць недахоп".
За 2024 год краіны ЕС, Вялікабрытанія і Нарвегія агулам паставілі Украіне зброі і боепрыпасаў на 25 млрд долараў. Гэта больш, чым у тым жа годзе паставілі Злучаныя Штаты. Акрамя таго, Еўропа абмяркоўвае павелічэнне дапамогі да $30 млрд у год і нарошчвае вытворчасць артылерыйскіх снарадаў.
Аднак некаторыя сістэмы ў кароткатэрміновай перспектыве папоўніць немагчыма, паколькі ў Еўропе яны вырабляюцца ў недастатковай колькасці, а некаторыя ўвогуле не вырабляюцца (тыя ж зенітна-ракетныя комплексы Patriot). І гэта будзе праблемай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.