Украіна чакае тлумачэнняў наконт "допыту" Пратасевіча прадстаўнікамі "ЛНР"
Украіна чакае тлумачэнняў ад уладаў Беларусі наконт "следчых дзеянняў" з Раманам Пратасевічам, якія нібыта правялі прадстаўнікі "ЛНР". Пра гэта стала вядома пасля заявы апошніх.
Прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікалаенка заявіў, што ў паведамленні "ЛНР" відавочная спроба Расіі "прадаставіць падначаленым ёй незаконным групоўкам хоць нейкую псеўдасуб'ектнасць". Таксама ён лічыць, што гэта пацвярджае наяўнасць расійскага сцэнара ў сітуацыі з пасадкай самалёта Ryanair у Беларусі. "Расія не ўпускае шанцу пазбавіць Беларусь суверэнітэту і максімальна яе зацягнуць у свой геапалітычны парадак дня", — падкрэсліў прадстаўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства.
На даручэнне міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы, украінскае пасольства ў Мінску звярнулася да беларускіх уладаў, каб атрымаць афіцыйныя тлумачэнні. Раней Кулеба папярэджваў афіцыйны Мінск, што Лукашэнку будзе балюча, калі да Пратасевіча пусцяць прадстаўнікоў "ЛНР".