У ЗША прыпыняе працу ўрад
Белы дом, ілюстрацыйнае фота
Урад ЗША прыпыняе працу. Пачынаецца шатдаўн — першы за час цяперашняга прэзідэнцтва Дональда Трампа. Папярэдні шатдаўн быў таксама пры ім — амаль сем гадоў таму.
Апоўначы 1 кастрычніка скончыўся тэрмін падачы заявак на фінансаванне. Кангрэс ЗША прапусціў яго, бо дэмакраты і рэспубліканцы не змаглі дамовіцца па вылучэнні грошай на ахову здароўя. Дэмакраты хацелі аднавіць выдаткі на ахову здароўя ў памеры соцень мільярдаў долараў, асабліва на праграму медстрахавання Obamacare — для сем'яў з нізкім узроўнем даходу. Тым часам адміністрацыя Трампа, верагодна, рыхтуецца ліквідаваць гэтую праграму.
Чакаецца, што шатдаўн прывядзе да парушэння працы федэральных службаў і пакіне шмат дзяржслужбоўцаў у адпачынку.
Трамп дапусціў, што яго адміністрацыя скарыстаецца гэтым для правядзення чарговай хвалі звальненняў. Сёлета маштабныя звальненні дзяржчыноўнікаў ужо ладзіў Дэпартамент эфектыўнасці ўраду, якім тады кіраваў Ілан Маск.