У вучняў мінскай школы выявілі кішачную інфекцыю, іх шпіталізавалі
Вучні 165-й школы (ілюстрацыйнае фота) / sch165.minsk.edu.by
У вучняў мінскай сярэдняй школы № 165 выявілі кішачную інфекцыю, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. У сувязі з гэтым праводзяцца "санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы і эпідэміялагічнае расследаванне".
Колькасць дзяцей з кішачнай інфекцыяй не паведамляецца (нібыта гаворка толькі пра "некалькі падлеткаў"). Усіх, у каго выяўлены адпаведныя сімптомы, шпіталізавалі ў адну з сталічных бальніц "на дадатковае абследаванне".
10 студзеня спецыялістамі праводзілася "ацэнка арганізацыя харчавання, у тым ліку ўмоў падрыхтоўкі і рэалізацыі страў, адабраны для лабараторных даследаванняў пробы гатовых страў і вады, абследаваны персанал харчаблока на кішачную групу інфекцый".
"У дзяцей масава ваніты, расстройства, тэмпература, некаторыя ў інфекцыйнай бальніцы, — пішуць Onliner бацькі школьнікаў. — Наколькі вядома, амаль ва ўсіх класах аднолькавыя сімптомы, многія адсутнічаюць на занятках".
Як паведамляе Мінаховы здароўя, стан дзяцей стабільны, яны атрымліваюць неабходнае лячэнне.