У Расіі ў анекдоце пра ўцёкі з Херсона пабачылі "дыскрэдытацыю" арміі

Барацьба з "дыскрэдытацыяй" / Карыкатура dw.com
У Расіі ў анекдоце пра ўцёкі з Херсона пабачылі "дыскрэдытацыю" арміі. Крымінальную справу распачалі супраць жыхара горада Касімаў Разанскай вобласці Васіля Бальшакова. Прычым па артыкуле аб "паўторнай дыскрэдытацыі" (летась быў штраф па аналагічным адміністрацыйным артыкуле — за каментары ў сацсетцы). Як піша ovd.news, у лістападзе 2022-га мужчына апублікаваў ў сацсетцы наступны тэкст:
"Даўно не чытаў сапраўды смешных анекдотаў:
— Сяргей, а чаму мы адступаем ад Херсона?
— Валодзя, дык ты ж сам загадаў вызваліць Украіну ад фашыстаў і нацыстаў…".
Якраз у той час міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу загадаў расійскім войскам пакінуць Херсон і правы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці Украіны, якія з вясны былі пад акупацыяй.
Бальшакову пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.