У Мінску знайшоўся Хогвартс, у Брэсце ёсць метро, а ў Гродне ўпусцілі танк!
Еўрарадыё ацаніла варыянты запытаў, якія Яndex прапануе для пошуку ў беларускіх гарадах.
Хочаце ведаць апошнія навіны з Мінска, Гродна і Магілёва? Скарыстайцеся інтэрнэт-пашукавікамі, яны знойдуць усё. А калі хочаце яшчэ і крыху пасмяяцца, звярніце ўвагу на варыянты запытаў, якія прапануе вам пошуковая машына. Напрыклад, Яndex.
Еўрарадыё праверыла гэтыя запыты на некалькіх камп'ютарах — выдача аднолькавая!
У Мінску, паводле версіі Яndex, варта пашукаць… Хогвартс — школу чараўнікоў з раманаў Джоан К. Роўлінг пра Гары Потэра!
У Брэсце, акрамя скарба, крамаў і працы ёсць… метро!
Віцебск, што мае рэпутацыю надзвычай культурнага горада, здзівіў крымінальнай падборкай. На першай версіі ў Яndex — у Віцебску “абрынулася крама” і “свякроў адкусіла нявестцы палец”.
Тым, што метро ёсць у Гомелі, нас ужо не здзівіш. Увогуле, паводле версіі Яndex, Гомель — горад кантрастаў. Адной дзяўчыне там пашанцавала: яе выбралі галоўнай палескай прыгажуняй. А іншай нанеслі 102 ўдары нажом.
У Гродне, які славіцца фанатамі “World of Tanks”, з бронетэхнікай адбываюцца дзіўныя рэчы. Спачатку там “упусцілі танк”, а пасля… “упусцілі яшчэ адзін танк”!
Але самая жэсць у Магілёве. Тут і маньяк, і дзяўчынка патанула, і хлопца забілі, і труба ўпала… Адзіная светлая пляма — “гадавальнік купіць шчанюка памеранскага шпіца мядзведжага тыпу”.
У беларускім прадстаўніцтве кампаніі Яndex Еўрарадыё патлумачылі, што прапанаваныя “падказкі” складаюцца з ранейшых запытаў у пашукавік. То бок, гэтыя падборкі варыянтаў — вельмі ўмоўныя, абагульненыя партрэты тых, хто цікавіцца жыццём беларускіх гарадоў.
“Раней карыстальнікі ўводзілі запыты гэтай тэматыкі. Яны падхопліваюцца і прапануецца саджэст. Гэта, можна сказаць, самыя папулярныя запыты, якія былі ў гісторыі пошуку”.
Падрабязней пра тое, як складаецца спіс падказак для пошуку, можна прачытаць тут.