У Мінску нервуюцца — ЕС не адгукнуўся на запрашэнне на канферэнцыю ў РБ
Аляксей Бягун / sb.by
Прадстаўнікі Еўрасаюза не падалі заявак на ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай пытанням "процідзеяння незаконнай міграцыі", якая пройдзе 15 лістапада ў Мінску, паведаміў начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
"На сённяшні дзень ніхто з прадстаўнікоў еўрапейскай супольнасці не заявіўся на ўдзел у канферэнцыі, — цытуе яго словы sb.by. — Пра што гэта кажа? Пра тое, што мы са сваімі праблемамі павінны разбірацца самі, а яны будуць паволі выкарыстоўваць міжнародныя пляцоўкі для абвінавачвання нас у інструменталізацыі незаконнай міграцыі з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі".
Бягун называе канферэнцыю "міжнароднай" і "шырокамаштабнай". Але хто ў выніку на яе прыедзе з-за мяжы, не ўдакладняе. "Яна заклікана расказаць сусветнай супольнасці аб мерах, якія прадпрымае Рэспубліка Беларусь у пытаннях процідзеяння незаконнай міграцыі і найлепшай практыцы рэгіянальнага супрацоўніцтва", — дадае ён. Як вядома, Захад ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс у апошнія гады на мяжы РБ і краін ЕС на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што ён дзейнічае сумесна з РФ. Згаданы крызіс стаў прычынай увядзення супраць Беларусі санкцый, закрыцця на межах з краінамі ЕС пунктаў пропуску.
У пачатку восені міністр замежных спраў РБ Максім Рыжанкоў заявіў, што ў лістападзе чакае ў Мінску на канферэнцыі міністраў ЕС. Паводле яго слоў, на яе запросяць прадстаўнікоў "усіх зацікаўленых бакоў", у тым ліку і суседзяў, а таксама "іншых дзяржаў ЕС і СНД". Рыжанкоў сцвярджаў, што "сярод патэнцыйных удзельнікаў канферэнцыі ўжо пацвердзілі свой удзел шэраг міністраў краін Еўрапейскага саюза". Але, як бачым, пацверджання дагэтуль няма.