У мінскім аэрапорце затрымалі расійскага крымінальнага аўтарытэта
У Нацыянальным аэрапорце Мінск затрымалі расійскага крымінальнага аўтарытэта. У бліжэйшы час Аляксандр Яфімаў (вядомы таксама як “Фима Банщик”) будзе высланы ў Расію.
Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на МУС Беларусі, затрыманне правялі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. У мужчыны пры сабе былі тры расійскія пашпарты на яго імя і адзін балгарскі. Яфімаў знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама.
Аляксандру Яфімаву 59 гадоў, ён нарадзіўся ў Ленінградзе. Мянушку атрымаў з-за таго, што ў 1980-я працаваў слесарам-сантэхнікам у лазні. Пазней займаўся бізнэсам, паводле неафіцыйнай інфармацыі, меў сувязі і з расійскімі праваахоўнікамі, і з крымінальным светам Расіі. Неаднаразова трапляў за краты.