У КНДР падлеткаў адправілі на катаргу за прагляд паўднёвакарэйскіх серыялаў
Суд над падлеткамі ў Паўночнай Карэі / BBC / BBC
У Паўночнай Карэі двум 16-гадовым падлеткам прысудзілі 12 гадоў катаргі за тое, што яны глядзелі серыялы і слухалі музыку з Паўднёвай Карэі, піша ВВС. Судовы працэс быў паказальным, на ім прысутнічала каля тысячы студэнтаў. Пра гэта сведчыць апублікаванае ў сеціве відэа. Усе прысутныя знаходзяцца ў масках, таму журналісты мяркуюць, што відэа магло быць знята ў 2022 годзе падчас пандэміі COVID-19.
Згодна абвінавачанню, двое хлопцаў цягам трох месяцаў глядзелі і распаўсюджвалі паўднёвакарэйскія фільмы, музыку і музычныя відэа.
"Культура гнілога марыянетачнага рэжыму (гэта значыць улады Паўднёвай Карэі — рэд.) распаўсюдзілася нават на падлеткаў. Іх спакусіла замежная культура, і ў канчатковым выніку яны разбурылі сабе жыццё", — гаворыцца ў відэазапісе.
У Інстытуце развіцця поўдня і поўначы, які працуе з уцекачамі з КНДР, сцвярджаюць, што 12 гадоў падлеткам далі, каб папярэдзіць астатніх грамадзян краіны.
"Тое, што турбуе Кім Чэн Ына, гэта тое, што маладыя людзі пакалення "міленіялаў" і пакаленні Z змянілі свой вобраз мыслення", — гавораць там і дадаюць, што захапленне паўднёвакарэйскім грамадствам можа прывесці да паслаблення сістэмы, таму што яна супярэчыць дзяржаўнай ідэалогіі КНДР, якая прымушае яе грамадзян абагаўляць сям'ю Кім.