Паўночная Карэя афіцыйна прызнала ўдзел у вайне супраць Украіны

Паўночнакарэйскія вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота

Паўночнакарэйскія вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота / Getty Images

КНДР афіцыйна прызнала ўдзел у вайне супраць Украіны. Адпаведныя заявы Цэнтральнага ваеннага камітэта Працоўнай партыі Карэі, а таксама старшыні Кім Чэн Ына апублікавала дзяржаўнае фінармагенцтва ЦТАК.

У іх паведамляецца пра пераможную аперацыю ў Курскай вобласці Расіі супраць "узброенага ўварвання ўкраінскіх уладаў у РФ".

"Падраздзяленні нашых узброеных сіл, якія паводле загаду кіраўніка дзяржавы КНДР былі задзейнічаныя ў аперацыі па вызваленні раёнаў Курскай вобласці, у поўнай меры прадэманстравалі высокі баявы дух і ваенную хватку, праявілі масавы гераізм, непараўнальную доблесць і самаадданасць і тым самым зрабілі важкі ўнёсак у знішчэнне неанацысцкіх сіл Украіны і вызваленне тэрыторыі РФ", — гаворыцца ў заяве.

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын назваў героямі ўдзельнікаў вайны супраць Украіны і паабяцаў паставіць ім помнік.

"Усе яны, хто змагаўся за справядлівасць, героі і прадстаўнікі гонару Радзімы. Неўзабаве ў нашай сталіцы будзе ўзведзены помнік баявым подзвігам у гонар геройства гордых сыноў КНДР, а да магіл загінулых воінаў будуць ускладзеныя кветкі Радзімы і народа, які жадае ім неўміручасці", — заявіў Кім Чэн Ын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.