У Гродне ўладальніку папулярнага сайта прысудзілі другія 15 сутак
Сяргей Чабоцька / hrodna.life
У Гродне зноў судзілі ўладальніка папулярнага сайта s13.ru Сяргея Чабоцьку. На гэты раз яго абвінавацілі ў "парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў". Адміністрацыйную справу ў сераду разглядаў суд Ленінскага раёна (суддзя — Наталля Горбач), піша тг-канал @Grodno_grab. Пазней стала вядома, што прысуд — 15 сутак.
Папярэдні раз Чабоцьку судзілі 25 кастрычніка за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Вынікам разгляду сталі таксама 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
У той дзень стала вядома, што суд па заяве пракурора горада Гродна прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайт s13.ru, які існаваў амаль два дзесяцігоддзі. За некалькі дзён да гэтага сайт і яго сацсеткі перасталі абнаўляцца. У канцы кастрычніка Міністэрства інфармацыі афіцыйна ўнесла ў спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" і s13.ru, і яго тэлеграм-канал.