У ельскай лякарні памерла 14-гадовая школьніца

Школьніца памерла ў ельскай лякарні / кадр з акаўнту ў TikTok
14-гадовая школьніца памерла ў цэнтральнай раённай лякарні ў Ельску. Пра трагічны выпадак газета райвыканкама "Народны голас" напісала толькі пасля таго, як інфармацыю сталі абмяркоўваць у сацсетках, заўважыў "Флагшток".
Паводле афіцыйных звестак, 17 траўня ў ельскую міліцыю паступіла паведамленне з лякарні пра смерць непаўналетняй дзяўчынкі ў рэанімацыйным аддзяленні. Праверкай інцыдэнту займаецца Следчы камітэт.
У канале "Караельск" у TikTok з'явіліся некаторыя неафіцыйныя падрабязнасці трагедыі. Паведамляецца, што бацька прывёз дачку ў бальніцу з кашлем і хрыпаміы. Праз некалькі гадзін пасля шпіталізацыі доктарка паведаміла, што стан дзяўчынкі рэзка пагоршыўся: яна ўпала ў кому і была пераведзеная ў рэанімацыю.
Бацькі прыехалі ў шпіталь і чатыры гадзіны (да шостай вечара) чакалі рэанімацыйную брыгаду з Мазыра. Двое мазырскіх медыкаў адмовіліся перавозіць дзяўчынку з увагі на яе цяжкі стан. Пасля гэтага выклікалі брыгаду з Гомеля, якая прыбыла толькі каля паўночы. Праз пэўны час бацьку паведамілі пра смерць дачкі.
Пад відэа набраліся сотні каментароў. Некаторыя з каментатараў абмяркоўваюць паводзіны дактароў, іншыя — абураюцца, што медыкі доўга ехалі з суседняга горада: "Як можна чакаць брыгаду 4 гадзіны з Мазыра? Там ехаць 30 хвілін, гэта кажа пра не кампетэнтных супрацоўнікаў?".
У раённай газеце начальнік Ельскага райаддзялення Следчага камітэта палохае каментатараў крымінальнай справай за паклёп і "звяртае ўвагу на недапушчальнасць распаўсюду здагадак і неправеранай кампетэнтнымі асобамі інфармацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.