У аптэках Мінска раскупілі расійскі аналаг "Аземпіка"

Расійскі прэпарат "Семавік" / apteka.ru
Беларусы ўжо некалькі дзён на форуме сэрвісу tabletka.by пішуць, што ў мінскіх аптэках знік расійскі прэпарат "Семавік". Гэта расійскі аналаг папулярнага "Аземпіку" — лекаў, якія выкарыстоўваюць для лячэння дыябету і (дзякуючы аднаму са спадарожных эфектаў ад прыёму) пахудання. Як заўважыла выданне "Зеркало", купіць "Семавік" можна яшчэ ў рэгіёнах, але па ўсёй краіне яго можна знайсці толькі ў 60 аптэках, і іх лік пастаянна скарачаецца.
Правізарка адной з аптэк кажа, што ў аптэкі пастаўляюць па 10-15 упаковак, некаторым удаецца атрымаць 20. Ім апошні раз "Семавік" паступаў у красавіку. Гэтую партыю раскупілі да пачатку чэрвеня. Людзі купляюць прэпарат, хаця ён і вельмі дарагі — 253-265 рублёў за ўпакоўку. Жанчына мяркуе, калі б прэпарат быў толькі ў іх, 10-15 пачкаў сышлі б за пару дзён.
"Думаю, ажыятаж вакол прэпарата з дзвюх прычын. Па-першае, людзям ён цікавы. Па-другое, ён паступае ў краіну невялікімі партыямі. Чаму? Дакладна не ведаю. Цяпер, калі чалавек пытаецца "Семавік", прапануем запісацца на чаргу. Але ў нас яна невялікая. Думаю, таму што не ўсе ведаюць пра такую магчымасць", — кажа правізарка.
Паводле яе, пытаюца пра расійскі прэпарат дзве групы пакупнікоў. Першая — жанчыны і мужчыны за 50 гадоў з павышанай вагой, другая — дагледжаныя жанчыны пасля 30. Аб'ядноўвае іх тое, што гэта людзі дастаткова заможныя.
Фармацэўтка з іншай аптэкі кажа, што ў Мінску нібыта ёсць невялікія запасы "Семавіка", але прадаюць яго па заяўках людзям, якім неабходна паводле медыцынскіх паказанняў. Для гэтага ў дзяржаўнай сістэме аптэк афармляецца заяўка на адтэрмінаванае забеспячэнне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.