Топ-10 самых запамінальных выхадак беларускіх фанатаў у 2010 годзе

Самы вялікі штраф, байкот матчаў і буйная бойка, канфлікты з міліцыяй і футбольнымі функцыянерамі. Еўрарадыё сабрала самыя нашумелыя выпадкі, звязаныя з нашымі заўзятарамі.
Як заўжды, самыя гучныя падзеі звязаныя якраз з футбольнымі заўзятарамі. Прыгадаем іх, але і пра іншыя віды спорту забывацца не будзем.

1. Самы вялікі штраф у гісторыі беларускага футбола. Да штрафу ў 82 тысячы долараўпрысудзілі ў траўні 2010 года футбольны клуб “Дынама-Мінск” за паводзіны фанатаў. Тыя вывесілі на стадыёне банер з выявай намесніка Гітлера па нацысцкай партыі Рудольфа Геса. На плакаце было напісана: “Тваё жыццё для нас ― гэта вернасці прыклад”. Натуральна, гэта было расцэненае Дысцыплінарным камітэтам Федэрацыі футбола як прапаганда фашызму.

“Дынама” падало апеляцыю, і памер пакарання быў зменшаны да 10 тысяч долараў. Па звестках Федэрацыі футбола, клу
б гэты штраф ужо сплаціў.

2. Бойка паміж слуцкімі і маладзечанскімі фанатамі. 19 траўня ў Слуцку гулялі каманды другой лігі "Слуцкцукар" і "Маладзечна". Пасля матчу групоўкі заўзятараў сустрэліся ў раёне гарадскога парку і дзіцячай мастацкай школы. У бойцы ўдзельнічала больш за 100 маладзёнаў. Сутычка доўжылася пару хвілін, пасля чаго фанатаў разагналі міліцыянты.

Здараліся ў нашых гарадах і больш маштабныя фанацкія бойкі. Так што ў плане дэманстрацыі мускулаў заўзятараў 2010 год прайшоў параўнальна ціха.

3. Канфлікт заўзятараў і адміністрацыі барысаўскага БАТЭ. Прыхільнікі БАТЭ падзяліліся на заўзятараў і фанатаў. Першыя ўваходзяць у грамадскае аб’яднанне “Клуб заўзятараў футбольнай каманды БАТЭ”, і сядзяць на 5-м сектары заходняй трыбуны стадыёна ў Барысаве. Другія, хаця і неафіцыйна, але падтрымліваюць сваю каманду ад самага моманту яе аднаўлення ў 1996 годзе і “прапісаныя” на 5-м сектары ўсходняй трыбуны. Менавіта на ім 14 ліпеня падчас матчу з ісландскім “Хабнарфьёрдзюрам” неанацысты разгарнулі банер з лічбамі 14 і 88. 

“Першая мая думка была, што гэта правакацыя. У “Дынама” была падобная сітуацыя, але там на фота бачна, што банер трымае шмат людзей. У нас жа “засвяціліся” толькі два чалавекі, — распавядае Павел, даўні фанат БАТЭ. — І я лічыў, што з гэтай сітуацыяй разбяруцца хутка, знойдуць гэтых двух падлеткаў, якія трымалі лічбы. Але іх не знайшлі, старэйшыя прыкрылі. Значыцца, не гэтыя двое былі завадатары”.

Пару тыдняў клуб чакаў ад фанатаў тлумачэнняў, прабачэнняў ці нейкіх іншых дзеянняў. Але тыя маўчалі. Спадзяваліся, што абыдзецца. І тады адміністрацыя БАТЭ пачала вырашаць праблему неанацыстаў сваімі метадамі. У фанацкім сектары была ўсталяваная дадатковая камера, якая дае карцінку з высокай дэталізацыяй. Фанатам гэта вельмі не спадабалася. На матчы чэмпіянату Беларусі з “Шахцёрам” яны пакінулі свой сектар пустым, але прапускаць гульню улюбёнай каманды не сталі — расселіся купкамі па 10-15 чалавек па ўсім стадыёне.

4. Стварэнне добраахвотнай дружыны заўзятараў футбольнага “Дынама” (Мінск). Улетку кіраўніцтва і заўзятары клуба дасягнулі беспрэцэдэнтнай для Беларусі дамовы. Ужо ў жніўні дружына з дынамаўскіх заўзятараў замяніла на трыбунах міліцыю.

“Гэта робіцца найперш каб не раздражняць тых, хто прысутнічае ў сектары, —паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі— Бо калі ў гэты натоўп, падагрэты эмоцыямі, пойдзе супрацоўнік міліцыі (апрануты па форме, прадстаўнік улады, адным словам — чужы), развіццё канфлікту амаль непазбежнае. Ну, а калі свой свайму скажа - як кажуць, крумкач крумкачу вока не выдзяўбе”.

Цікава, што ініцыятарамі стварэння фанацкай службы бяспекі выступілі самі міліцыянты.

5. Тым часам фанаты хакейнага "Дынама" пайшлі іншым шляхам і афіцыйна зарэгістравалі свой фан-клуб, каб навучыць заўзятараў правільна падтрымліваць сваю каманду. Увайсці ў яго можа кожны, каму споўнілася 16 гадоў і хто можа сабе дазволіць заплаціць 105 тысяч рублёў за рэгістрацыю. Пры канцы верасня ў клубе было ўжо 240 чалавек.

6. Байкот 26-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. 26 верасня заўзятары па ўсёй Беларусі байкатавалі футбольныя матчы. Пустымі засталіся фанацкія сектары ў Мінску, Магілёве, Брэсце, Жодзіне і Бабруйску. У Жодзіне на трыбуне ў дадатак з'явіўся банер з надпісам “Футбол для каго???”. Так людзі выказалі салідарнасць з заўзятарамі мінскага “Дынама”, якія пратэставалі супраць міліцэйскага самадурства.

7. Затрыманне заўзятараў БАТЭ на стадыёне ў Малдове. На матчы паміж БАТЭ і "Шэрыфам”, што прайшоў у Ціраспалі 21 кастрычніка, мясцовы спецназ затрымаў 15 беларускіх заўзятараў. Сем чалавек атрымалі 22 кастрычніка па тры дні адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства. Астатнія былі аштрафаваныя на 100 прыднястроўскіх рублёў (каля 10 долараў) кожны.

З чаго пачаўся канфлікт? На гэты конт існуе дзве версіі. Згодна з першай, афіцыйнай, — пасля таго як на 8-й хвіліне Сяргей Сасноўскі забіў гол, беларускія заўзятары запалілі на гасцявым сектары фаер. Гэта справакавала бойку паміж фанатамі і спецназам. Але, як заявілі самі заўзятары, бойка адбылася паміж "бел-чырвона-белымі" і "чырвона-зялёнымі" фанатамі. Малдоўскі спецназ пры гэтым узяў бок "чырвона-зялёных".

8. Пагаршэнне “клімату” на стадыёне футбольнага “Дынама” (Брэст). Тры гады таму Еўрарадыё пісала пра тое, як брэсцкая міліцыя па-хамску абышлася з фанатамі клуба, якія выйшлі на поле павіншаваць каманду з перамогай. Але таго ўжо ніхто не памятае. У Брэсце заўзятары і міліцыя сябруюць… Але толькі не тады, калі паглядзець футбол прыходзіць губернатар вобласці Канстанцін Сумар.

“Калі губернатар на стадыёне, зусім іншым чынам паводзяць сябе людзі ў форме, —распавядае Іван, заўзятар “Дынама” (Брэст)— Нават калі не ведаеш напэўна, ёсць ён ці не, адчуваеш гэта па іх паводзінах. Усе дамоўленасці забываюцца, у перапынках немагчыма ні выйсці, нічога… І канкрэтна працуе АМАП. 12 гадоў вісеў на стадыёне банер “Blue-white Devils”. І вось, 21 лістапада некаму не спадабаўся… Пры тым ніхто не зважае, што, напрыклад, Manchester United называюцца “Red Devils”, іх банеры вісяць паўсюль, і гэта нікога не бянтэжыць”.

Кажуць, што быў губернатар і на матчы апошняга тура чэмпіянату Беларусі па футболе, калі футбалістаў брэсцкага “Дынама” і “Тарпеда” (Жодзіна) вывелі на поле дзеці ў цішотках з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі і надпісам “Наш прэзідэнт”.

9. Апазіцыйныя кандыдаты схадзілі на БАТЭ, а Аляксандр Лукашэнка згуляў у тэніс з Азаранкай і Вазняцкі. Спачатку Еўрарадыё звадзіла Някляева, Раманчука, Міхалевіча і Кастусёва на вялікі футбол. БАТЭ гуляла матч у адказ з ціраспальскім “Шэрыфам” на стадыёне “Дынама”. І, на радасць кандыдатам у прэзідэнты, выйграла і датэрмінова выйшла ў плэй-оф Лігі Еўропы.

Праз 2 тыдні Аляксандр Лукашэнка зрабіў, так бы мовіць, спартовы візіт у адказ. Ён наведаў дабрачынны матч Вікторыі Азаранкі з Каралін Вазняцкі, што адбыўся ў Мінску. Падчас шоў прэзідэнт неспадзявана зняў чаравікі і, застаўшыся ў шкарпэтках, спусціўся на корт, узяў у рукі тэнісную ракетку і згуляў некалькі падач з зоркамі сусветнага тэніса.

10. У Беларусі нечакана з'явіліся фанаты баскетбола. Жаночую зборную пасля чэмпіянату свету сустракалі ў аэрапорце ажно 200 чалавек. Наша каманда спынілася за крок ад п’едэсталу. Толькі сляпы не крычаў пра тое, што ў фінал першынства нашых дзяўчат не пусцілі суддзі… 

“Мы чакалі, што нас будуць сустракаць урачыста,
 — распавяла тады Еўрарадыё капітан каманды Алена Леўчанка— Бо мы чытаем інтэрнэт-форумы!”

Фота: "Прессбол""Салідарнасць", Еўрарадыё.