Судовы выканаўца напісаў былому палітвязню Ігару Лосіку ў Інстаграм
Ігар Лосік / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку
У Інстаграм экс-палітвязню Ігару Лосіку напісаў судовы выканаўца. Ён папрасіў, каб той паведаміў сваё месцазнаходжанне. Пра гэты выпадак Лосік расказаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
"У рамках узбуджаных у дачыненні да Вас выканаўчых вытворчасцей просім паведаміць, ці ёсць магчымасць звязацца з Вамі з дапамогай Whatsapp або Viber? Паведаміце, калі ласка, пра Ваш адрас, месцазнаходжанне ў цяперашні час", — гаворыцца ў паведамленні судовага выканаўцы.
"Ужо знайшлі мяне ў Інстаграме і хочуць неяк атрымаць з мяне пазоў у 22 мільёны рублёў (7,5 млн долараў), а пашпарт аддаць не хочуць", — пракаментаваў гэта Лосік.
Ігар быў дэпартаваны ў Літву разам з паўсотняй іншых вязняў 11 верасня 2025 года. Пры высылцы экс-палітвязню не аддалі пашпарт. На нядаўнім Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка заявіў, што не бачыць прычынаў аддаваць пашпарты "ворагам".