Суд ЕС адмовіўся зняць санкцыі з двух мільярдэраў беларускага паходжання

Дзмітрый Мазепін і Андрэй Мельнічэнка застануцца пад санкцыямі ЕС

Дзмітрый Мазепін і Андрэй Мельнічэнка застануцца пад санкцыямі ЕС / Reuters

Суд ЕС адмовіўся зняць санкцыі з расійскіх мільярдэраў з беларускімі каранямі Андрэя Мельнічэнкі і Дзмітрыя Мазепіна, піша Myfin.by. Абодва трапілі пад санкцыі пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Мельнічэнка трапіў пад санкцыі Еўрасаюза 9 сакавіка 2022 года. І ўжо ў траўні таго ж года ён пачаў аспрэчваць свой статус. На пасяджэнні 22 студзеня 2025 года бізнэсоўцу цалкам адмовілі ў задавальненні пазова.

Суд ЕС прыйшоў да высновы, што Мельнічэнка пры ўключэнні ў санкцыйны спіс адпавядаў крытэру g артыкула 3 Рэгламенту 269 "вядучы бізнэсовец", бо 24 лютага 2022 года прысутнічаў на сустрэчы ў Крамлі з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. І хаця бенефіцыярам траста Firstline Trust, у які ўкладзеныя кампаніі Eurochem і СУЭК, стала яго жонка, сам бізнесовец захаваў эканамічныя інтарэсы ў іх і працягваў атрымліваць ад іх выгаду.

Таксама суд ЕС пакінуў дзейснымі і санкцыі супраць мільярдэра Дзмітрыя Мазепіна. Яго абарона прыводзіла, напрыклад, такія довады:
— першая інстанцыя дапусціла юрыдычную памылку. Маўляў, пад выразам "які забяспечвае істотны даход ураду РФ" маюцца на ўвазе сектары эканомікі, а не прадпрымальнікі;
— няправільнае тлумачэнне паняццяў "крыніца даходу" і "істотная крыніца даходу", што прывяло да неабгрунтаванага рашэння суда.

Паводле юрыстаў, чатыры з васьмі довадаў у апеляцыйнай скарзе Мазепіна супадаюць з довадамі, прыведзенымі ў яго леташняй апеляцыйнай скарзе.

Мельнічэнка, чый бізнес звязаны з кампаніямі "Еўрахім" і СУЭК, займае сёмы радок у рэйтынгу расійскага Forbes. Яго багацце ацэньваецца ў 21,1 млрд долараў. У Мазепіна — 59-е месца ў гэтым спісе, яго багацце ацэньваюць у 2,4 млрд долараў. ён вядомы як заснавальнік "Уралхіма" і ўладальнік долі ў кампаніі "Уралкалій".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.