Стаўкі на беларускі футбол пагражаюць штрафам амерыканскім букмекерам

Амерыканскія букмекеры могуць быць аштрафаваныя за стаўкі на беларускі футбол, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Букмекерскім канторам штата Масачусетс пагражае пакаранне за прыём ставак на забароненыя матчы. Тры падобныя выпадкі разглядае гульнявая камісія штата (MGC).
Букмекеры FanDuel і Fanatics Sportsbook прынялі шэраг ставак на беларускі футбол. Тым часам Масачусетс забараняе любыя стаўкі на падзеі, арганізаваныя або санкцыянаваныя беларускімі ці расійскімі арганізацыямі.
Як піша reform.new, букмекерская кантора Fanatics Sportsbook прыняла 127 забароненых ставак на агульную суму 968,13 долара з 13 верасня 2023 года па 22 сакавіка 2024 года. Гэты інцыдэнт быў выяўлены падраздзяленнем па кантролі за спартыўнымі стаўкамі 3 ліпеня 2024 года. Пасля гэтага аператарам нагадалі пра забарону ставак на каманды з Беларусі ці Расеі.
Прадстаўнік кампаніі патлумачыў парушэнне выпадковым уключэннем наладкі аўтаматычнага ўхвалення. Яна дазволіла прапанаваць матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы, у якіх удзельнічала футбольная зборная Беларусі.
А вось у кампаніі FanDuel аператар прыняў 3871 стаўку на футбольную зборную Беларусі на агульную суму 11 792 долары з 20 сакавіка 2023 года па 26 сакавіка 2024 года. Пасля паведамлення аб парушэнні кампанія правяла аўдыт сваіх сістэм і выявіла, што такое ж парушэнне адбылося з 16 па 18 ліпеня 2024 года. Тады было прынята 178 ставак на агульную суму 5829 долараў.
Букмекерская кампанія заявіла, што няправільна вытлумачыла забарону камісіі. Маўляў, пасля раісйскага ўварвання ва Украіну беларускі кантэнт пастанавілі забараніць. Аднак УЕФА дазволіла Беларусі ўдзельнічаць у турнірах, што выклікала блытаніну, і букмекеры палічылі дапушчальнымі стаўкі на беларускія каманды ў матчах па-за межамі Беларусі і Расіі.
Букмекерскім канторам пагражаюць штрафы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.