Затрыманы галоўны інжынер Мазырскага НПЗ

Сяргей Грамовіч (злева)

Сяргей Грамовіч (злева) / Мазырскі НПЗ

Сталі вядомыя імёны ўсіх пяці затрыманых топ-менеджараў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. 

Адзін з іх — гэта першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства— галоўны інжынер Сяргей Грамовіч. Пра гэта паведамляе выданне "Флагшток" са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Замест Грамовіча прызначаны выканаўца абавязкаў. Сам галоўны інжынер, згодна з афіцыйнай інфармацыяй, знаходзіцца ў "часовым адпачынку". Праўда, у адміністрацыі прадпрыемства не змаглі адказаць, калі скончыцца гэты адпачынак.

Затрыманні топ-менеджараў на Мазырскім НПЗ адбыліся пры канцы красавіка, але вядома пра іх стала толькі на мінулых выходных.

Вядома, што былі затрыманыя дырэктар дырэкцыі па рэканструкцыі і развіцці Аляксандр Гуд, яго намеснік Антон Гугалінскі і жонка Гуда, якая працавала ў той жа дырэкцыі. Таксама ў лік затрыманых трапіў начальнік юрыдычнай службы Ігар Драгель.

Дарэчы, 17 красавіка (як мяркуецца, напярэдадні затрыманняў) прадпрыемства паведамляла, што прадстаўніца Следчага камітэта Ганна Шульга правяла прафілактычную гутарку з калектывам таварна-сыравіннага цэха №5. Яна папярэдзіла работнікаў, што "ў выпадку здзяйснення злачынства ў групе асоб са службовай асобай, другі ўдзельнік, нават не з'яўляючыся службовай асобай, нясе такую ж адказнасць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.