Спыніце гвалт над праўдай і людзьмі — АГП звярнулася да суддзяў і сілавікоў
Вярхоўны суд Беларусі / Еўрарадыё
З заклікам спыніцца і не ўдзельнічаць больш у гвалце над праўдай і людзьмі звярнулася да суддзяў і сілавікоў палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі.
"Рэжым аказаўся як у знешняй, так і ва ўнутранай ізаляцыі, і асноўны інструмент, які дазваляе захаваць ілюзію яго ўлады, — гэта гвалт", — адзначылі аўтары звароту.
Яны нагадалі, што ў зняволенні ўжо доўгі час знаходзяцца намеснік старшыні АГП Аляксандр Кабанаў, сябры палітрады Леанід Судаленка і Сяргей Альшэўскі, сябра Нацыянальнага камітэта Уладзімір Няпомняшчых. Затрыманыя экс-лідар АГП Анатоль Лябедзька і кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Уладзімір Шанцаў. Фігурантам крымінальнай справы стаў і цяперашні старшыня АГП Мікалай Казлоў.
Пры гэтым верхавенства права ў цяперашняй Беларусі не працуе. Замест яго дзейнічае прынцып "часам не да законаў".
"Мы патрабуем, каб супрацоўнікі сілавых структур спынілі злачынную практыку адвольных затрыманняў, фабрыкавання палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў", — гаворыцца ў звароце.
Палітрада АГП заклікала суддзяў і сілавікоў "вярнуцца ў прававое поле, спыніць бессэнсоўную барацьбу з нацыянальнымі сімваламі Беларусі і пераслед людзей за выказванне іх грамадзянскай пазіцыі".
Фраза "часам не да законаў" належыць Аляксандру Лукашэнку. У верасні 2020 года падчас прадстаўлення новага генпракурора Андрэя Шведа ён сказаў, што не заклікае супрацоўнікаў Генпракуратуры парушаць законы, але калі трэба спыніць "нахабную інтэрвенцыю", "там часам не да законаў".