Справу беларуса, якога вінавацяць у падрыве БАМа, будзе разглядаць ваенны суд

Сяргей Ерамееў

Сяргей Ерамееў / АНТ

Справу беларуса Сяргея Ерамеева, абвінавачанага ў падрыве чыгункі ў Бураціі, скіравалі ў ваенны суд. Пра гэта паведамляе Генпракуратура Расіі на афіцыйным сайце.

Ерамеева вінавацяць у тэракце, удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, кантрабандзе выбуховых прыстасаванняў, праходжанні навучання для тэрарыстычнай дзейнасці і незаконным набыцці і перавозцы выбуховых прыстасаванняў.

Паводле расійскай пракуратуры, Ерамееў за грошы далучыўся да тэрарыстычнай арганізацыі, створанай для здзяйснення выбухаў на Усходне-Сібірскай чыгунцы. Арганізацыя нібыта ставіла сабе за мэту, каб расійскія ўлады спынілі вайну ва Украіне.

"Прыбыўшы ў Бурацію, Ерамееў усталяваў пульты перад уездам у Паўночна-Муйскі тунэль, а самаробныя выбуховыя прыстасаванні заклаў на вагонах-цыстэрнах з дызельным палівам двух грузавых цягнікоў на бліжэйшых станцыях", — заяўляюць у пракуратуры.

Здарэнне адбылося 29 лістапада 2023 года. У тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. Пазней на гэтым жа ўчастку быў падарваны грузавы цягнік, які ішоў у аб'езд. Згарэлі чатыры цыстэрны з палівам, яшчэ дзве былі пашкоджаныя. Паліва разлілося на плошчы 150 квадратных метраў.

Пра затрыманне за выбух 52-гадовага беларуса Сяргея Ерамеева ФСБ Расіі паведаміла 7 снежня 2023 года. Раней Ерамееў працаваў на наваполацкім "Нафтане", удзельнічаў у пратэстах. Пасля звальнення пераехаў у Расію, дзе працаваў індывідуальным прадпрымальнікам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.