Сірыя: "Свабода рвецца вонкі"
25 сакавіка ў паўднёвасірыйскім горадзе Дэра пахаванне 9 загінулых перарасло ў новую дэманстрацыю з удзелам 20 тысяч чалавек.
Як паведамляе тэлеканал Al Jazeera, дэманстранты скандавалі: "Бог, Сірыя, свабода! Кроў пакутнікаў праліта не дарма". Менавіта ў Дэры адбываліся самыя маштабныя акцыі пратэсту і сутыкненні з сіламі бяспекі, у часе якіх загінулі звыш 100 чалавек. Жыхары навакольных населеных пунктаў арганізавалі марш да Дэры пад лозунгамі "Свабода рвецца вонкі". У падтрымку ім зладзілі акцыі ў Дамаску і ў шэрагу іншых сірыйскіх гарадоў.
Нагадаем, 24 сакавіка аб пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў абвясціла Бусейна Шаабан — дарадца прэзідэнта Сірыі Башара Асада. Яна заявіла: "Я шчаслівая абвясціць вам аб рашэннях, прынятых сёння партыяй Арабскага сацыялістычнага адраджэння. Пад кіраўніцтвам прэзідэнта Башара Асада, партыя вывучае магчымасць адмены закона аб надзвычайным становішчы і дазволу палітычных партый".
Шаабан дадала, што ўлады краіны плануюць прыняць новы закон аб свабодзе слова і СМІ, а таксама звярнуць пільную ўвагу на працу праваахоўных органаў.