“Рок-каранацыю” правядуць, але толькі праз тыдзень
Запланаваная на 18 лютага юбілейная “Рок-каранацыя” адменена з-за тэхнічных праблем з пажарнай бяспекай.
Запланаваная на 18 лютага юбілейная 15-я “Рок-каранацыя” адменена. З-за тэхнічных праблем з пажарнай бяспекай і абсталяваннем супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яшчэ ўчора зачынілі залу для канцэртаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з арганізатараў імпрэзы Павел Кашырын.
Павел Кашырын: “Рок-каранацыя" адмяняецца. Мы зараз вырашаем пытанне, каб яна перанеслася на наступную нядзелю ў “Рэактар”. Я так разумею, што зала КЗ “Мінск” знаходзіцца, ну, можа і не ў аварыйным стане, але там замкнула супрацьпажарную сігналізацыю. Чага яе замкнула і чаму там кран апусціўся — дагэтуль ніхто не ведае. Бо прыязджалі прадстаўнікі фірмы разам з МНСнікамі і нічога не высветлілі. МНС прыехала і зачыніла залу. І сказалі: “Пакуль не вырашыце гэтую праблемы, каб не адчынялі”.
У той жа час Кашырын запэўніў, што хай і ў іншым месцы, але “Рок-каранацыя” пройдзе. Што ж тычыцца ўжо набытых квіткоў, то яны будуць дзейсныя на канцэрт у “Рэактары”. Калі хтосьці не захоча пайсці на канцэрт у клуб, то ім вернуць грошы за квіток.
Фота — bymedia.net