Змяншаць вагу тавараў, дазволеных да правозу праз мяжу, не будуць
У Мытным камітэце кажуць, што чуткі на гэты конт не маюць пад сабой ніякіх падставаў.
Беларусь не плануе мяняць нормы вагі дазволенага да правозу праз мяжу “адзінага і непадзельнага тавара” з 35 кг да 10-12. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко:
Пяшко: “Гэтыя нормы ўстанаўліваюцца пагадненнямі, якія носяць міжнародны характар. І ад свайго імя Беларусь не мае права змяняць гэтыя нормы. Пра чуткі наконт адзінага і непадзельнага тавару можна сказаць, што яны (нормы. — Еўрарадыё.) застаюцца нязменнымі. Гэта тычыцца і ўвядзення іншых ставак падаткаў на бытавую тэхніку”.
Нагадаем, на сённяшні дзень праз мяжу дазволена правозіць да 50 кг рэчаў для асабістага карыстання, за якія не трэба плаціць "растаможку". У тым ліку, вага адной рэчы не павінна перавышаць 35 кілаграмаў. Але апошнім часам з’явіліся чуткі, што Беларусь нібыта прапаноўвае ўнесці змены ў адпаведнае пагадненне, якія не толькі зменшаць дазволеную для правозу вагу тавару, але і павялічаць падаткі на ўвоз бытавой тэхнікі.