Жыхары дома, што выбухнуў пад Лагойскам, самі шукаюць сабе жыллё
Паводле іх слоў, здарэннем зацікавіўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
“Самі сабе знаходзілі. Так. Вось сям’ёй кватэру аднапакаёвую знялі. І далі нам пакой у гатэлі “Алімп”. Павінны гэтым пакоям статус інтэрната надаць”, — расказвае Еўрарадыё Тамара Буклеева.
Яе кватэра ад выбуху не пацярпела, аднак жыць у разбураным доме немагчыма. І ў гатэлі жыць не хочуць — там папросту няма для гэтага ўмоваў. Шукаюць здымнае жыллё.
“Быццам прайшлі чуткі, што за аднапакаёвую будуць 40 долараў даплачваць, а за двухпакаёвую — 50. З якіх фондаў — я не ведаю. Калі шчыра, то нам без розніцы. Абы нейкую частку аплачвалі. Больш — нічога”.
Адразу пасля выбуху людзям выдалі па 2 мільёны на сям’ю. На гэтым пакуль усё.
“Ну, мы напісалі, зрабілі спіс маёмасці. Сказалі, што рахункі паадкрывалі. Але ніхто нічога — усе маўчаць. 2 мільёны на сям’ю кожнаму. Ці ж гэта грошы? У гатэлі па кавярнях, па сталовых я за гэтыя грошы не нахаджуся. І апрануцца ж трэба за нешта. Ой, тут галава колам ідзе”, — расказвае Еўрарадыё Святлана Пракапец. Кватэра жанчыны была знішчаная выбухам.
Старшыня Лагойскага савета дэпутатаў Пётр Вабішчэвіч гаворыць, што памер кампенсацыі вызначаюць ажно дзве розныя камісіі. Раней як праз месяц з гэтым пытаннем не разбяруцца. А вось з частковай аплатай арандаванага жылля пакуль нічога не зразумела. Чыноўнікі чакаюць, калі будзе заключаная хаця б адна дамова.
“Часткова, канешне. Не цалкам. Сёння кошты могуць вагацца. Размовы ідуць, ідуць, ідуць. Але рэальна ніводная дамова не заключаная. Аднак аб нейкай кампенсацыі мы гаварыць на дадзены момант не можам. Калі будзе заключаная хаця б адна дамова арэнды і будзе прапісаная сума кампенсацыі — гэта ўжо будзе вынік”.
Пра прычыны выбуху, які адбыўся ажно 8 лютага, дагэтуль афіцыйна нічога невядома. Жыхары разбуранага дома гавораць, што вінаватая пустуючая кватэра, дзе мог збірацца газ. Маўляў, суседзі зверху і знізу ад яе адчувалі яго пах. Еўрарадыё знайшло ўладальнікаў той самай пустой кватэры. Апошні раз яны былі там у канцы мінулага году.
Тым часам пацярпелыя жыхары расказваюць, што справай зацікавіўся Камітэт дзяржбяспекі. Маўляў, яго супрацоўнікі ўжо апыталі ўладальнікаў некаторых кватэр:
“Гавораць, у сераду хіба вечарам, прыязджалі з КДБ. Апытвалі людзей. Ніякіх больш сходаў не праводзілася”.
У КДБ гэтую інфармацыю не пацвярджаюць. Там кажуць, што выбух дома пад Лагойскам “не трапляе ў сферу нашых інтарэсаў”.
“Ну, мы напісалі, зрабілі спіс маёмасці. Сказалі, што рахункі паадкрывалі. Але ніхто нічога — усе маўчаць. 2 мільёны на сям’ю кожнаму. Ці ж гэта грошы? У гатэлі па кавярнях, па сталовых я за гэтыя грошы не нахаджуся. І апрануцца ж трэба за нешта. Ой, тут галава колам ідзе”