Жонкі палітвязняў: Пачалася кампанія па нашай інфармацыйнай ізаляцыі

Вольга Бандарэнка (жонка Змітра Бандарэнкі), Марына Адамовіч (жонка Мікалая Статкевіча) і Ірына Халіп (жонка Андрэя Саннікава) у адзін голас кажуць пра тое, што атрымаць інфармацыю пра стан спраў палітвязняў робіцца ўсё больш і больш складана.

Марына Адамовіч: “Ёсць асэнсаванне, што гэта спланаваная акцыя па поўнай інфармацыйнай ізаляцыі нашых мужчын. Кожная інфармацыя, якая з’яўляецца з калоніі, выклікае раздражненне. У іх усе вінаватыя: і мы, і журналісты, і пошта, і ЗАГС… Толькі б не палкоўнікі — вялікія мужчыны з вялікімі зоркамі”.

Марына Адамовіч, Вольга Бандарэнка, Ірына Халіп і Марына Лобава (маці Змітра Лобава)

Па словах Марыны Адамовіч, Мікалая Статкевіча выводзяць гуляць аднаго, і толькі ў цёмны час сутак. Кіраўніцтва калоніі абмяжоўвае яго кантакты з іншымі зняволенымі. Па выхадзе з ШЫЗА Статкевіч утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, таксама ў адзіноце.

Вольга Бандарэнка сцвярджае, што ў лістах яе мужу не дазваляюць пісаць нічога, што магло б стаць інфармацыйнай нагодай, што выкрэсліваюць нават бяскрыўдныя філасофскія разважанні Змітра.

Ірына Халіп кажа, што не мае ніякіх звестак пра стан здароўя мужа. Усё, што атрымліваецца даведацца, гэта “як нехта бачыў, што Саннікава вялі ў медсанчастку”. Па словах Ірыны Халіп, узмацніўся ціск і на адваката Саннікава Марыну Кавалеўскую.

Вольга Бандарэнка і Ірына Халіп

 

Ірына Халіп