ЖЭС прапануе заплаціць за ўборку снега ля вашай машыны ў двары

111207 MartinJes.mp3

На пад’ездах з’явіліся абвесткі ЖЭСа: прапануюць прыбраць снег ля машыны за 11 тысяч у месяц. Выдатная навіна: самому снег можна не прыбіраць і пазбегнуць штрафа.

Еўрарадыё паспрабавала замовіць такую паслугу ў сталічным ЖЭСе №50.

“Метр, які аўтаўладальнік абавязаны прыбіраць, будзе прыбіраць за вас дворнік ЖЭСу. Адзінае пытанне — гэта пастаянства вашай паркоўкі. Напрыклад, у вас Hummer H1, вы яго паставілі каля першага пад’езду, а потым у іншым месцы, мы ж не будзем яго шукаць па ўсім горадзе. Але гэта можна высветліць праз дыспетчара”, — адказвае мне супрацоўнік ЖЭСу.

Як даведалася Еўрарадыё, замацаваць за сваёй машынай пастаяннае месца ў двары не атрымаецца. Трэба кожны ранак тэлефанаваць дыспетчару, якому не заўжды датэлефануешся. Кажу, што выязджаю на працу в сёмай гадзіне ранку, вяртаюся дадому толькі позна ўвечары. Ці паспее дворнік?

“Праца дворнікаў кожны ранак пачынаецца з 7 гадзіны ранку да 16. У нядзелю — выходны. У межах гэтага часу дворнік працуе, павялічваць яму дзень не будуць, за гэта яму не заплацяць. Ёсць яшчэ нюанс…”.


Оk, значыць, мне давядзецца падладжвацца пад працу дворніка — гэта не адзіны нюанс. "І што ж яшчэ?" — пытаю у ЖЭСе.

“Гэты нюанс не ўлічылі: захаванасць машыны. Усе драпіны аўтаўладальнік залічвае на свой рахунак. А так — дворнік прыбярэ, а кіроўца скажа: у мяне пашарпаная машына”.


Яшчэ і машыну пакоцаюць, і не прыбяруць у час… А калі снег не выпадзе, то грошы не вернуць. Спрабую высветліць: можа, у іншых ЖЭСах да ўборкі машын ставяцца больш сумленна. Пытаюся ў ЖЭСе №20, ці паспеюць мне да 7 гадзіны ранку пачысціць аўто.

“Да сёмай вам не пачысцяць, цягам дня, вядома, пачысцяць”.


Але, як даведалася Еўрарадыё, дамова на ўборку снега ля машыны ўратуе ад штрафу!

“Калі вы заключыце з намі дамову, то да вас не будзе ніякіх прэтэнзій, што каля машыны брудна. А ўжо калі мы пачысцім… Калі-небудзь пачысцім”, — абяцаюць у 20-ым ЖЭСе.

У дворыку па Карла Маркса бачу дворніка з 4-га ЖЭСу — жанчыну пенсійнага ўзросту. Ніна Іванаўна ўпэўнівае, што спачатку дворнікі прыбіраюць вуліцы.

“Яшчэ калі цёмна, вуліцы прыбіраем. Пасля — пад’езды. Вось я толькі памыла пад'езд зараз”.


Каб прыбраць каля дзесяці машын, трэба больш за гадзіну, гаворыць Ніна Іванаўна. Але гэта залежыць ад снегу, які выпаў напярэдадні. На надбаўку да заробку праз уборку ля машын яна не спадзяецца. Зараз атрымлівае крыху больш за мільён.

У двары заўважаю кіроўцу, які прыехаў на мінівэне Volkswagen. Пытаюся, ці сам ён прыбірае снег ля машыны ўзімку.

“Трэба, каб машына суткамі стаяла, каб шмат снегу было. Я з’ехаў — паркоўку прыбралі”, — гаворыць Уладзімір.

І паслугу ў ЖЭСе, каб прыбіралі снег каля яго машыны, ён замаўляць не збіраецца.

“А які сэнс? Я з’еду, маё месца зойме іншы кіроўца”.


Дырэктар “Мінскага гарадскога жыллёвага гаспадарства” Уладзімір Рэянтовіч у лістападзе налічыў каля 600 кіроўцаў, якія ўжо пагадзіліся замовіць сабе чыстку снега ў ЖЭСаў. Не так і шмат на 700 тысяч зарэгістраваных у сталіцы машын.

Фота 1 : Liveinternet.ru