Збор грошай для аштрафаваных скончыўся ў прыбіральні “МакДональдса”
Туды жадаючыя ахвяраваць на штрафы былі вымушаныя прайсці ад станцыі метро “Няміга”, дзе іх “сустрэлі” людзі ў цывільным з рацыямі.
Некалькі маладых людзей сустрэліся 28 чэрвеня ў Мінску каля кавярні “Максі-Біс” на Нямізе, каб сабраць грошы для аштрафаваных за ўдзел у “маўклівай акцыі” 22 чэрвеня. Але так атрымалася, што грошы ім давялося збіраць... у прыбіральні бліжэйшага “МакДональса”.
“У 19 гадзінаў мы сабраліся каля “Максі-Біса”, – распавядае Максім, адзін з затрыманых 22 чэрвеня. – Там быў я, былі браты Дварэцкія, Андрэй Ткачоў і яшчэ былі людзі, якія канкрэтна гэта ўсё арганізоўвалі. З самага пачатку на лаўцы ўжо сядзеў мужчына ў цывільным, у белай кашулі”.
Хлопцы спрабавалі сфатаграфаваць гэтага мужчыну, але ён увесь час адварочваўся. Яго твар так і не трапіў у аб’ектыў.
“Як толькі стукнула 19 гадзінаў – да нас падышлі два чалавекі ў цывільным і з рацыямі, – працягвае Максім. – Пачалі нас распытваць, чаму мы тут сабраліся. Дзяўчаты не разгубіліся і сказалі, што мы сабраліся адзначаць сесію і зараз пойдзем фатаграфавацца. Нам сказалі, каб мы лепш прышлі праз паўгадзінкі. У гэты момант падышлі два супрацоўнікі спецназа. Мы вырашылі іх не правакаваць і пайшлі у бок помніка Адаму Міцкевічу, дзе мы загадзя дамовіліся сустрэцца, калі будуць праблемы каля “Максі-Біса”.
Але і там хлопцаў ужо, што называецца, чакалі.
Максім: “Мы дайшлі да “МакДональса” і адправілі аднаго чалавека паглядзець, якая сітуацыя каля помніка,. Чалавек схадзіў і сказаў, што там таксама стаіць спецназ, людзі ў штацкім, шмат людзей, але не зразумела, хто прыйшоў, каб здаць грошы на штраф, а хто не. Таму ён вярнуўся да “МакДональса”. Разам з тымі людзьмі, якія да нас прынеслі грошы на штраф, мы вырашылі пайсці ў прыбіральню “Мака”. Бо там можна было гэтыя грошы сабраць, не правакуючы людзей у цывільным і спецназ, якія сабраліся паблізу. Зайшлі ў прыбіральню, абсалютна спакойна перадалі грошы. Зайшоў спачатку я, пасля выйшаў, пасля іншы чалавек перадаў грошы і выйшаў, пасля іншы – вось такім чынам”.
Пасля хлопцы вырашылі вярнуцца да метро “Няміга”.
Максім: “Але калі мы падыйшлі да царквы, перад намі стаяла некалькі супрацоўнікаў спецназа і стаяў таксама мікрааўтобус з іх калегамі. Таму мы адразу скокнулі ў першы аўтобус і з’ехалі. На наступным прыпынку выйшлі і разышліся”.
Увечары 28 чэрвеня сабралі няшмат – усяго 165 тысяч. Але агулам Максім са сваімі сябрамі назбіралі дастаткова грошай, каб кампенсаваць адразу некалькі штрафаў.
“Яшчэ раней на маім родным журфаку збіралі грошы. Адзін немец выслаў 200 еўра. І там сабралі каля 2,5 мільёны”, – кажа Максім.
Гэтыя грошы хлопцы прытрымаюць. І, калі спатрэбіцца, накіруюць ужо на наступныя штрафы.
Фота: fair-max.blogspot.com