Заіка: Мытны саюз зрабіў прысутнасць МВФ немэтазгоднай
Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае эканаміст Леанід Заіка.
Паводле яго меркавання, адмова Міжнароднага валютнага фонду прызначыць свайго новага пастаяннага прадстаўніка ў Беларусь не нясе ніякай пагрозы эканоміцы нашай краіны і з’яўляецца нармальнай практыкай.
МВФ у Беларусі выконваў функцыю куратара, памочніка і назіральніка, але гэты час прайшоў і беларускі ўрад навучыўся самастойна вырашаць шматлікія пытанні як атрымання крэдытаў, так і карэктыроўкі курса нацыянальнай валюты. А ўваходжанне Беларусі ў Мытны саюз, які стварае свае міжнародныя фінансавыя інстытуты і ўвогуле робіць прысутнасць МВФ у нашай краіне немэтазгодным, лічыць Леанід Заіка:
“Гэта нават не Мытны саюз, а новая еўразіская прастора эканамічная. І там ужо створаны міжнародны фінансавы цэнтр. Гэта будуць грошы, якія акамулююцца для агульных эканамічных праграм, для інвестыцыйных праграм, для праграм падтрымкі складаных сітуацый у эканоміцы. І тут Міжнароднаму валютнаму фонду няма чаго рабіць! Калі Расія, Казахстан і Беларусь стварылі свой міжнародны фінансавы цэнтр, якія дзякуючы Расіі дастаткова сур’ёзны па сваіх аб’ёмах, то неабходныя крэдыты могуць быць паспяхова ўзятыя і ў гэтым фінансавым цэнтры”.
На думку эксперта, адмова МВФ прызначаць свайго новага прадстаўніка ў Беларусі не азначае, што нам аўтаматычна адмовяць у 7 мільярдах стабілізацыйнага крэдыту, па які наша краіна звярнулася ў гэтую арганізацыю. Такія пытанні, кажа, усё адно вырашаліся не мінскім прадстаўніком МВФ, а ў штаб-кватэры фонда. А калі Беларусі і адмовяць у гэтым крэдыце, то гэта пойдзе толькі на карысць, лічыць Заіка.
Ён нагадвае, што на сённяшні дзень Беларусь і так мае запазычанасць перад МВФ у памеры 3,8 млрд долараў. Да таго ж МВФ — камерцыйная арганізацыя і выдзяляе грошы найперш тым краінам, дзе можна атрымаць максімальную аддачу.
Нагадаю, Наталля Калядзіна, якая працавала ў Мінску з красавіка 2009 года, праз два месяцы вяртаецца ў штаб-кватэру МВФ. У паведамленні, распаўсюджаным прэс-службай МВФ, гаворыцца, што фонд не будзе прызначыць свайго новага прадстаўніка ў Беларусь.