Камісія “за абслугоўванне крэдыта”: колькі, каму і на што

121129_sviardlou_kredity.mp3

“2% ― штомесячная камісія за абслугоўванне крэдыта”, ― распавядае супрацоўніца мінскага офіса “Альфа-банка”.

“Дык а што гэта такое ― абслугоўванне крэдыта?” ― перапытваю я.

Утвараецца няёмкая паўза.

“Адну хвіліну, паспрабую ўдакладніць!” ― нарэшце, кажа дзяўчына.

У слухаўцы шчоўкае, і я застаюся сам-насам з голасам Луі Армстранга. Go down, Moses… Ну, не самае кепскае абслугоўванне.

Па падліках Еўрарадыё, памер банкаўскай камісіі можа дасягаць сумы самога крэдыту. Мы вырашылі высветліць, што “уключана” ў “абслугоўванне” спажывецкага крэдыту.

Рэкардсмены

На "гарачай лініі" Міжнароднага рэзервовага банка Еўрарадыё не адказалі. Шкада, штомесячны адсотак за абслугоўванне крэдыту "Экспрэс-стандарт" тут дасягае рэкордных 4%! Камісія за пазыку ў 7 мільёнаў (максімум па гэтай праграме) складзе 240 тысяч.

Яшчэ адзін рэкардсмен ― "Сомбелбанк". Камісія ― 3,99%.

“У нас таксама ёсць прапановы без камісіі”, ― адразу спыняе мяне кансультант. За што банк бярэ камісію, жанчына тлумачыць не хоча таму, што без камісіі суму, пра якую я пытаюся, можна ўзяць больш танна.

Плацім, каб было зручна… плаціць!

Усе супрацоўніцы банкаўскіх call-цэнтраў, якія трапіліся мне падчас падрыхтоўкі рэпартажу, ― дзяўчаты. Разважаю, чаму так, тэлефануючы ў “Дэльта-банк”. Слухаўку, натуральна, здымае дзяўчына.

“Гэта камісія за распрацоўку плацяжу па крэдытнай дамове”, ― упэўнена адказвае супрацоўніца call-цэнтра “Дэльта-банка”.

“А што такое распрацоўка плацяжу па крэдытнай дамове?” ― пытаюся я.

“Гэта камісія, якую банк спаганяе за абслугоўванне крэдыта, скажам так”, ― трымаецца дзяўчына.

“Ну, а абслугоўванне крэдыту, што ў яго ўваходзіць?” ― працягваю “допыт” я.

“Распрацоўваюцца плацяжы, выдаюцца грашовыя сродкі, і… абслугоўвае вас непасрэдна “Дэльта-банк”, ― мужна трымаецца супрацоўніца банка.

“Але гэта ўсё робіцца адзін раз. За што я плачу кожны месяц?” ― не здаюся я.

Супрацоўніца “Дэльта-банка”: “У вас ёсць штомесячныя плацяжы па крэдыце. Вы іх выплачваеце ці ў “Дэльта-банку”, ці на пошце, ці карыстаючыся сістэмай АРІП [Адзіная інфармацыйна-разліковая прастора. ― Еўрарадыё]. І вось гэтай сістэмай вы можаце скарыстацца ў любой касе любога банка. Гэта адзіная сістэма, якая існуе на гэты момант, і праз сістэму АРІП вы можаце аплачваць крэдыты. Гэта існуе толькі ў “Дэльта-банку”. Для вашай зручнасці, каб вы маглі аплачваць крэдыты праз АРІП, вось гэта ўсё і з’яўляецца абслугоўваннем крэдыту”.

Па версіі “Дэльта-банка”, абслугоўванне крэдыту робіць выплаты па ім зручным. За гэта банк штомесяц бярэ 2,88% ад сумы крэдыту. Ад 10 мільёнаў гэта 288 тысяч. Падкрэсліваю, штомесяц. Думайце самі, ці патрэбная вам такая зручнасць.

Плаціць, каб… плаціць!

Выяўляецца, што пытанне, якое мы задаём, не з самых зручных.

З супрацоўніцы “БелРосБанка” выцягнуць “дадатковую” інфармацыю ўвогуле не атрымліваецца.

“3,5% спаганяецца за карыстанне крэдытам”, ― кажа яна.

“Я думаў, што за карыстанне крэдытам я плачу працэнты”, ― спрабую заклікаць да розуму я.

“Ну, а вось ёсць яшчэ камісія, і плацяжы па ёй уключаюцца ў агульную суму”, ― паўтарае дзяўчына.

Тэлефаную ў “Банк Масква-Мінск”.

“Выдалі вам грошы. Пасля вы кожны месяц аплачваеце. Банк робіць аперацыі па залічэнні вашых працэнтаў на рахунак”, ― тлумачаць мне прызначэнне камісіі за абслугоўванне крэдыту.

Супрацоўніца банка называе гэта “разлікова-касавым абслугоўваннем”. Фактычна, нам прапануюць дадаткова заплаціць за тое, што мы штомесяц аплачваем працэнты па крэдыце. За тое, што касірка возьме вашы грошы і пакладзе на рахунак, банк бярэ 1,7% ад сумы крэдыту. Ад крэдыту ў 10 мільёнаў гэта 170 тысяч. Штомесяц.

Ці патаннеюць крэдыты пасля 22 студзеня?

Цікава, што кожны банк прапануе свой варыянт прызначэння камісіі "за абслугоўванне крэдыта". Найбольш шчырым мне падаецца адказ супрацоўніцы “Парытэт-банка”:

“Проста, часам ёсць адна стаўка. Без аніякіх штомесячных камісій. Можа быць 42%, 47%, 49%... Туды ўсе камісіі ўжо ўключаныя. А гэта больш стары крэдыт, ён не сфармаваны ў адну, агульную стаўку. 13% ― працэнты па крэдыце, і за абслуг… Ну, так яно называецца, за суправаджэнне крэдыту”.

Вось і ўся розніца.

З 22 студзеня 2013 года Нацбанк забараняе банкам спаганяць дадатковыя плацяжы за карыстанне пазыкамі. Але ў банках пра гэта разважаюць неахвотна:

“Загадзя падлічыць нічога нельга, бо інфармацыі пра тое, ці будуць гэтую камісію прыбіраць, пакуль няма”, ― адказваюць у “Альфа-банку”.

У кансультантаў “Дэльта-банка” інфармацыі (якую нескладана знайсці ў інтэрнэце) крыху больш:

“Так, камісію ў студзені прыбіраюць. Я не магу вам падказаць, што будзе ў студзені з адсоткамі. Але гэта будуць вялікія гадавыя адсоткі. Гэта будзе зусім іншы працэнт гадавых”.

Разлічыць, калі больш выгадна браць спажывецкі крэдыт: цяпер ці пасля 22 студзеня 2013 ― не бяруцца ні ў адным банку.

Фота: Reuters.