За легальны феерверк можна атрымаць 15 сутак
А самы дарагі феерверк у краме каштуе як 5 штрафаў за яго незаконны запуск.
“Можна запусціць феерверк на тысячу долараў, а можна і за 100. Мінімальна, можна набыць адну батарэйку, якая каштуе 10 долараў”, - кажа супрацоўнік крамы салютаў па вуліцы Куйбашава.
У гэтым годзе аматараў феерверкаў нашмат менш. Піратэхніку набывае каля 30 чалавек за дзень. А вось у мінулым годзе выстройваліся цэлыя чэргі.


“У гэтым годзе менш. Можа, снегу няма, а можа і грошай. У мінулым годзе цэлая чарга стаяла, ад выхаду да прыпынку. Летась усё раней пачалося”.
Яно і не дзіўна, бо, як даведалася Еўрарадыё, за год феерверкі падаражэлі ў 2,5 разы.
Крамы феерверкаў з’явіліся ў Мінску некалькі гадоў таму. Раней іх продаж быў пад забаронай.
“Цяпер, калі ты выконваеш патрабаванні, можаш гандляваць. Там патрабаванні: дастаўка тавару, яго захоўванне, транспарціроўка”.
Феерверкі ў краме кітайскія. Набыць можа любы жадаючы. Дзеці толькі разам з дарослымі. Кошты: ад 10 тысяч за пакунак маленькіх ракетак-свістулек да вялікай батарэі на 120 рознакаляровых зарадаў за два мільёны.
За 20 хвілін у краму зайшлі 5 пакупнікоў. Феерверкі набылі тры з іх. Яўген скардзіцца, што кошты вялікія. І тлумачыць, дзе можна знайсці танней.
“У мяне знаёмы з-пад палы гандлюе. Вось набор на 36 залпаў, у знаёмага ён на 30 тысяч танней. Ён са складу прадае”, - кажа хлопец.
За феерверк на Новы год ён гатовы аддаць немалыя грошы. Бо мае трох малых дзяцей, для якіх без салюту - не свята.
“Тысяч 250 я б на гэта патраціў. Дзецям весела. У нас за дарогай ёсць вялікае поле мы там запускаем”.
Аднак, калі легальную петарду ці феерверк запусціць у грамадскім месцы, можна атрымаць штраф і нават сесці на суткі.
“Парушаныя правілы карыстання піратэхнічнымі вырабамі – штраф да 10 базавых велічыняў. Калі ў грамадскім месцы чалавек кіне петарду пад ногі ці пад вокны – гэта ўжо дробнае хуліганства – ад штрафу да 15 сутак”, - кажуць у брэсцкай міліцыі.
Канкрэтных месцаў, дзе можна запускаць феерверк, няма. У МНС раяць абіраць больш пустыя месцы, каб гледачы былі за 15-20 метраў. Запускаць феерверкі трэба згодна з інструкцыяй. Набываць у спецыялізаванай краме, якая мае ліцэнзію. Там жа мусяць выдаць інструкцыю.
А ў міліцыі за феерверк пагражаюць штрафам, калі той запускаюць не на пустыры.
“Калі людзі ўключаюць мозг і запускаюць феерверк на пустыры, такіх людзей не наказваюць. А тыя, хто каля людзей, калі нехта скардзіцца, іх наказваюць”, - гавораць у міліцыі.
За ўзрыў легальнай петарды можна атрымаць штраф у 350 тысяч ці наогул – сустрэць Новы год за кратамі, патрапіўшы туды на 15 сутак.
Фота: 1zoom.ru