З-за "Масквы" і "Гомельавія" аэрапорт "Мінск-1" згубіў 2/3 прыбытку
Нягледзячы на скарачэнне колькасці палётаў, скарачаць персанал у сталічным аэрапорце не збіраюцца. І шукаюць новыя маршруты.
Пасля спынення палётаў кампаніямі “Гомельавія” і “Масква” ў аэрапорце “Мінск-1” наступіла цішыня. Але, як запэўніла Еўрарадыё начальнік аддзела па рабоце з персаналам сталічнага аэрапорта Ірына Астрэйка, ніякага скарачэння персаналу ў іх не плануецца.
Ірына Астрэйка: “Ніякага скарачэння не будзе, мы як працавалі, так і працуем – прымаем чартарныя рэйсы. Ніякіх зменаў у нас няма ў гэтым плане”.
Пацвердзіў гэта і дырэктар аэрапорта “Мінск-1” Андрэй Якіменка.
Андрэй Якіменка: “У нас персанал падабраны, дастаткова навучаны, і ёсць уся інфраструктура. І абсалютна ўсё адно для нас – прымаць адзін самалёт, альбо 25, альбо 125. Бо бяспека забяспечваецца пры наяўнасці аднаго самалёта. Нават і пры адсутнасці гэтага аднаго. Інфраструктура працуе незалежна ад загрузкі”.
І дадаў, што зараз яны працуюць над тым, каб адкрыць новыя накірункі палётаў з іх аэрапорта.
Андрэй Якіменка: “Праца вядзецца, і кірункаў 15 у нас адпрацоўваецца. Паўднёвы кірунак адпрацоўваецца і адпрацоўваецца Расія. Расія і туды – углыб. Але паўднёвы кірунак прыярытэтны, мы туды глядзім. Бо ёсць попыт, і загрузка павінна быць. Але пакуль ніхто не выконвае гэтыя палёты. Давайце мы тыдні праз тры стэлефануемся – і тады я вам скажу, што ў нас рэальна. Калі да таго часу будзе сітуацыі па падпісанні слотаў. Гэта тады, калі мы пацвярджаем прыём-выпуск па пэўных днях у пэўны час у пэўных напрамках”.
Як вядома, аэрапорты жывуць за кошт прыёму-выпуску самалётаў. Апошнія гады аэрапорт “Мінск-1” і так прымаў няшмат рэйсаў. Таму спыненне палётаў кампаніяй “Гомельавія”, прызнаўся Андрэй Якіменка, дастаткова моцна ўдарыла па кішэні сталічнага аэрапорта.
Андрэй Якіменка: “Гомель нам каля 25-30% прыносіў, рэгулярныя рэйсы яго. Калі лётала авіакампанія “Масква”, Гомель быў крыху менш”.
Праўда, колькі гэтыя страты складаюць у рэальных грошах, дырэктар аэрапорта сказаць не захацеў.
Што тычыцца кампаніі “Гомельавія”, то і там, не гледзячы на спыненне палётаў, таксама пакуль скарачаць персанал не збіраюцца. Прынамсі, размоваў на тэму скарачэнняў не было, кажа супрацоўнік дыспетчарскай службы “Гомельавія”.
Дыспетчар “Гомельавія”: “Я ведаю, што пакуль продаж (білетаў. – Еўрарадыё) спынены – гэта дакладна. А вось наконт скарачэння, такіх размоў не было. Нейкія перамены, безумоўна, будуць, але калі – гэта вызначае кіраўніцтва”.
Не пачалі, кажа суразмоўца Еўрарадыё, і з-за адмены вылетаў звальняцца з кампаніі пілоты.
Дыспетчар “Гомельавія”: “Лётны склад... Я ведаю, што ў іх разборы (палётаў. – Еўрарадыё) былі, вывучэнне дакументаў і гэтак далей. Але гэта звычайная практыка. Тое, што самалёты стаяць, не гаворыць пра тое, што лётаць не будзем. Але паглядзім”.
Па яго словах, 23 лютага кіраўніцтва кампаніі павінна сабрацца на адмысловы сход. На ім будзе вырашацца пытанне, як будзе жыць “Гомельавія” далей. Магчыма, з-за гэтага сходу ніводзін тэлефон кіраўніцтва гомельскай авіякампаніі цягам дня не адказваў.
Паводле інфармацыі Еўрарадыё, ціха зараз і ў аэрапорце Гродна. Але атрымаць там з гэтай нагоды каментарый не ўдалося – усе тэлефоны аэрапорта не адказвалі.