З царквы скралі бутэльку “Кагору”

111111 Luka6uk Kragy.mp3

Людзі крадуць усё, што кепска ляжыць. Альбо стаіць. Да такой высновы прыходзіш, калі глядзіш крымінальную хроніку з рэгіёнаў. Часам гэтыя крадзяжы выглядаюць як нейкія кур’ёзы.

На Століншчыне за два восеньскія месяцы невядомыя скралі 21 дарожны знак і 18 металічных стоек на трасе паміж вёскамі Вялікае Малешава і Рэмель. А потым скралі яшчэ 2 знакі і 9 стоек на аўтадарозе паміж Давыд-Гарадком і Хатомлем. У Бабруйску 22-гадовы хлопец скраў 9 секцый чыгуннага плота. У Кармянскім раёне цыган скраў кабылу з двума жарабятамі. А ў Касцюковічах за адну ноч скралі ажно 13 нумароў з машын.

Не менш цікавую гісторыя Еўрарадыё расказвае прэс-афіцэр Пінскага ГАУС Юрый Куцэвіч. Там злодзеі скралі з падвала слоікі з гуркамі ды памідорамі. Вось толькі мэтай крадзяжа была не нарыхтаваная руплівымі гаспадарамі на зіму гародніна.

Юрый Куцэвіч: “Былі выпадкі, калі толькі дзеля слоікаў! Уся нарыхтаваная сельгаспрадукцыя апынулася вылітай на падлогу. Чалавек усё лета вырошчваў сабе прадукты, а тут апынулася, што ў яго ўсё знішчана – толькі дзеля слоікаў”.

Яшчэ, распавядае міліцыянер Еўрарадыё, крадуць бетонамешалкі з будоўлі, газавыя балоны з дамоў на вёсках, ровары.

А ў царкве Аляксандра Неўскага ў Рагачове мужчына, не хаваючыся, скраў з паліцы царкоўнай лаўкі бутэльку “Кагору”. Далёка, праўда, уцячы, каб выкарыстаць скрадзенае па прызначэнні, не здолеў – быў затрыманы. Па словах намесніка начальніка Рачагоўскай міліцыі Леаніда Прарашнева, з такім крадзяжом яны сутыкнуліся ўпершыню.

Леанід Прарашнеў: “Царква, месцы пахавання – гэта рэдка сустракаецца. І з практыкі апошні выпадак крадзяжу таблічак з могілак, калі іх яшчэ выраблялі з каляровых металаў, быў гадоў 8 таму. А зараз каля 18% зваротаў грамадзян, звязаных з крадзяжамі, тычыцца мабільных тэлефонаў”.

Мабільнікі выцягваюць не толькі з кішэні – 8 лістапада ў Бабруйску двое рабаўнікоў, пагражаючы нечым падобным на пісталет, адабралі тэлефон у 20-гадовага хлопца. А праз 15 хвілін у іншага бабруйчаніна яны такім жа чынам адабралі... напольныя вагі. З Беразінскага цэнтральнага раённага шпіталю скралі лісты непрацаздольнасці, са шпіталя ў мястэчку Круглае – машыну “хуткай дапамогі”, у Новалукомлі з цэха па перапрацоўцы рыбы злодзей умудрыўся выцягнуць за адну “ходку” 100 кілаграмаў рыбы. А ў Белазёрску з вальераў днямі скралі... трох сабак!

Начальнік Бярозаўскага РАУС Андрэй Леанюк упэўнены, што скралі гэтых шчанюкоў паляўнічыя.

Андрэй Леанюк: “Гэта паляўнічыя сабакі і, хутчэй за ўсё, гэта будзе звязана з паляўнічымі. Гэта жалезна – гэтыя скрадзеныя шчанюкі будуць звязаныя з паляўнічымі!”

Крымінальная справа па факце крадзяжу сабак заведзеная, але пакуль нікога не знайшлі – ні паляўнічых-злодзеяў, ні шчанюкоў.

Пералічваць прыклады кур’ёзных крадзяжоў можна доўга. Пры гэтым усе суразмоўцы Еўрарадыё аднагалосна сцвярджаюць – колькасць такіх злачынтсваў стабільна зніжаецца.


“У нас на тэрыторыі раёна сітуацыя стабільная і значнае зніжэнне колькасці такіх злачынстваў”, -- сцвярджае Начальнік Бярозаўскага РАУС Андрэй Леанюк. А тыя, што ўсё ж ёсць, прызнаецца намеснік начальніка Рачагоўскай міліцыі Леанід Прарашнеў, выклікана зніжэннем узроўню жыцця.

Леанід Прарашнеў: “Ёсць рэцыдыўная злачыннасць – больш за 30% гэта людзі, якія раней здзяйснялі крадзяжы. Ну, і зразумела, што на крадзяжы падштурхоўвае не толькі ўнутраная патрэба, але і нястача, эканамічная нестабільнасць у людзей”.

Пацверджаннем гэтых слоў з’яўляецца тая ж міліцэйская хроніка. Днямі ў Асіповічах мужчына скраў 192 метры чыгуначных рэек, там жа двое беспрацоўных абрабавалі пенсіянера – скралі 15 долараў і 500 тысяч расійскіх рублёў. У Добрушы было скрадзена 12 каналізацыйных люкаў і 14 секцый чыгунага плота.