З кожнага суда аб падзеле маёмасці дзяржава мае 5% ад яе кошту
Калі захочаце спагнаць 10 мільёнаў, давядзецца заплаціць 500 тысяч.
Віктар Івашкевіч, у якога рабочая Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка адсудзіла паўмільёна за заклік да санкцый, заплаціць яшчэ і 300 тысяч судовай пошліны. Еўрарадыё разбіралася, колькі каштуе падача скаргі ў беларускі суд.
“Усё ад штрафу залежыць. У адміністратыўных справах усе скаргі, штраф па якіх меншы за 10 базавых, абкладаюцца пошлінай памерам 50 тысяч (0,5 базавай велічыні). Ад 10 да 100 – 2 базавыя велічыні. Больш за 100—3. Усе іншыя адміністратыўныя спагнанні – адна базавая велічыня”, -- кажуць у канцылярыі Мінскага абласнога суда.
3 базавыя, якія трэба заплаціць Івашкевічу – гэта сума пошліны за іск немаёмаснага характару. Цыбліенка выстаўляла да яго прэтэнзіі аб нанесенай маральнай шкодзе.
Ёсць і больш высокія пошліны. Напрыклад, калі вы захочаце развесціся. Першы раз за іск аб разводзе трэба заплаціць тры базавыя, на сёння гэта 300 тысяч рублёў. Калі разыходзіцеся з мужам альбо жонкай другі раз – то памер пошліны ўжо 5 базавых.
“Калі ўпершыню, то 3 базавыя велічыні. Калі шлюб паўторна разрываецца, то ўжо 5 базавых велічынь”, -- кажуць у судзе Завадскога раёна сталіцы.
Затое далей можна разводзіцца колькі заўгодна без павелічэння сумы – 3-ці, 4-ы і нават 7-ы раз таксама каштуюць 500 тысяч рублёў.
Памеры судовых пошлін падрабязна прапісаныя ў Падатковым кодэксе. Яны залежаць ад памеру базавай велічыні. Выключэнне – справы аб прэтэнзіях на маёмасць. Калі хочаце адсудзіць у некага матэрыяльную рэч, то трэба аддаць дзяржаве 5% ад яе кошту. Ніякі суд не прыме вашай скаргі, пакуль вы не выплаціце гэтыя грошы. Іншая песня – крымінальныя справы. Іх разглядаюць без выплаты пошлін.
Не прымуць скаргу таксама тады, калі яна няправільна складзеная. Зрабіць гэта без памылак дапамагаюць адвакаты. Адзінага тарыфу на іх паслугі не існуе, распавядаюць у юрыдычнай кансультацыі 1-ай Мінскай гарадской калегіі.
“Бываюць вельмі складаныя, простыя і больш складаныя іскавыя заявы. Таму тут тарыфаў у нас не існуе. Гэта вызначаецца па ўзгадненні з адвакатам, які будзе весці справу”.
У цэлым, сумы судовых пошлін адносна невялікія. Калі вы хочаце спагнаць з некага 10 мільёнаў на сваю карысць, то заплаціць давядзецца ўсяго 500 тысяч. Акупіцца з гакам. Іншая справа, калі прадмет разгляду – кватэра – а ўпэўненасці ў выйгрышы справы няма.
“Разумееце, што калі справа тычыцца кватэры, то самі можаце ўявіць, колькі гэта будзе каштаваць. Там у выніку мільёны атрымоўваюцца”, -- тлумачаць у 1-ай Мінскай калегіі адвакатаў.
Дарэчы, частку пошліны вам могуць вярнуць пасля завяршэння працэсу, калі падчас яго суд зменшыць суму іску. І вернуць усе грошы, калі у разглядзе справы адмовяць.
“Усё ад штрафу залежыць. У адміністратыўных справах усе скаргі, штраф па якіх меншы за 10 базавых, абкладаюцца пошлінай памерам 50 тысяч (0,5 базавай велічыні). Ад 10 да 100 – 2 базавыя велічыні. Больш за 100—3. Усе іншыя адміністратыўныя спагнанні – адна базавая велічыня”.