Юрчанка адмовіўся ад кульбіта толькі аднойчы, і тое з-за траўмы

12 кастрычніка ў Беларусі з’явіўся новы нацыянальны герой. 21-гадовы форвард Уладзімір Юрчанка за дзве хвіліны забіў два галы ў вароты моладзевай зборнай Італіі. Праз доўгія 90 хвілінаў трэці гол абаронцы Алега Верацілы вывеў нашую “маладзёжку” у фінал чэмпіянату Еўропы 2011 года. Але героем сустрэчы, безумоўна, стаў Юрчанка.



Зараз правамі на хлопца валодае “Сатурн” з Раменскага. Але на правах арэнды Юрчанка праводзіць гэты сезон у родным Магілёве, абараняючы колеры “Дняпра”.

“Ён магілёўскі. Займаўся футболам у школе “Хімвалакно”, у Валерыя Сямёнавіча Чаплыгіна,
— распавёў Еўрарадыё старшы трэнер магілёўскай каманды Ўладзімір Брэжэзінскі. — А пасля ён з’ехаў у мінскае “Дынама”. А адтуль ужо ў Расію, у “Сатурн”.

“За год у Беларусі ён атрымаў галоўнае — гульнявую практыку на высокім узроўні, — мяркуе карэспандэнт газеты “Спорт-Экспрэс” Андрэй Кузічаў. — Дзе ён забіваў галы? У еўракубках рэгулярна, у Лізе Еўропы. За “маладзёжку”. А пры той канкурэнцыі, якая была ў нападзенні ў “Сатурне”, ён наўрад ці выходзіў бы часта. Пры гэтым моладзевае першынство ён даўно перарос. Так што я думаю, што надалей ён мае добрыя шанцы на месца ў аснове “Сатурна”.

Заўзятары адрозніваюць Уладзіміра Юрчанку па фірмовым кульбіце, які ён дэманструе пасля кожнага гола. Акрабатычны прыём футбаліст засвоіў у дзяцінстве.

“Мы ўпершыню пабачылі гэты кульбіт падчас матча з “Нальчыкам”, калі Юрчанка забіў свой першы (і пакуль што апошні) гол у прэм’ер-лізе. А ў “дублі” ён яго рабіў рэгулярна. І адмовіўся ад сваёй звычкі толькі аднойчы. Як пасля тлумачыў — калі быў траўмаваны”, — прыгадвае Андрэй Кузічаў.


“У свеце няшмат гульцоў з такой хуткасцю, — хваліць Юрчанку прэзідэнт Клуба заўзятараў “Сатурна” Яўген Эфрас. — Так што калі ён будзе карыстацца сваімі казырамі — мы будзем рады бачыць яго ў сваёй камандзе, якая апошнім часам, на жаль, забівае не так шмат, як хацелася б”.

Звязацца з Уладзімірам Юрчанкам — вялікая праблема. Ні ў “Дняпры”, ні ў “Сатурне” яго нумара тэлефона няма. Няўжо ўжо пачалася гульня ў футбольную зорку?

“Рэч не ў гэтым, — распавялі Еўрарадыё ў Раменскім. — Тэлефоны ён губляе ўвесь час. І тут яго таксама было вельмі цяжка злавіць. Яго, калі ён быў патрэбны, знаходзілі ў нас на базе, калі ён прыязджаў на трэніроўкі. З мабільнай сувяззю ў яго не лады… Яшчэ ён жыў у адным доме з нашым аператарам дубля. І вось, калі яны сустракаліся, Юрчанку можна было вылавіць”.

Еўрарадыё на ўласным досведзе ўпэўнілася ў тым, што з тэлефонамі Юрчанка не сябруе. У нас атрымалася знайсці нумар, якім футбаліст карыстаўся год таму. Але цяпер па ім адказвае дзяўчынка з прыемным голасам:

Еўрарадыё (азадачана): Ці даўно ў цябе гэты тэлефон?
Дзяўчынка (з гонарам): З пяці гадоў!

Карацей, галоўнае — каб пасля феерычнага матчу з італьянцамі ў хлопца не закружылася галава. А па словах Андрэя Кузічава, перадумовы для гэтага ёсць:

“З ім такое здараецца. Паспрабуйце, датэлефануйцеся яму… Можа, ужо і прачнуўся пасля начнога клуба. А што? Чалавек малады. Энергіі шмат, бегае хутка…”

У “Дняпры” Еўрарадыё паведамілі, што 13 кастрычніка у Ўладзіміра Юрчанкі выходны. Сёння ён не прыйдзе трэніравацца з клубам. І хаця футбол у Беларусі паціху сыходзіць на зімовыя канікулы, хацелася б, каб выходныя ў хлопца не зацягнуліся. Час ужо нам атрымаць свайго Андрэя Шаўчэнку, бо сапраўды ёсць такая перспектыва. Але пакуль што — толькі перспектыва.

Даведка Еўрарадыё:

Уладзімір Юрчанка нарадзіўся 26 студзеня 1989 года. Гадаванец магілёўскіх спартовых школ. З 2006 года правёў 17 гульняў за асноўны склад і 9 — за “дубль” мінскага “Дынама”, забіў па 3 галы і там, і там. З 2008 года — у “Сатурне”: за “аснову” адзначыўся 1 голам, за другі склад забіў яшчэ 9 мячоў. Сезон 2010/11 праводзіць у “Дняпры” (Магілёў).

І ў “Дняпры”, і ў моладзевай зборнай Беларусі гуляе пад нумарам 10.

На фота: Фірмовы кульбіт Уладзіміра Юрчанкі.
Фота: www.saturn-fc.ru, www.goals.by.