Ясін: Санкцыі ЕС не тое што на Расію — на эканоміку Беларусі не паўплываюць
Экс-міністр эканомікі Расіі лічыць, што санкцыі — гэта гульня ў дзіцячы садок.
Еўрарадыё: Пастаянны прадстаўнік РФ пры ЕС Уладзімір Чыжоў заявіў, што эканамічныя санкцыі Еўрасаюза супраць Беларусі закрануць інтарэсы Расіі. Гэтыя санкцыі сапраўды закрануць інтарэсы Расіі ці гэта больш палітычная заява?
Яўген Ясін: Я мяркую, што ў дадзеным выпадку гэта больш заява палітычная. Нашы лідары проста пастараліся прыкрыць Беларусь у эканамічным плане, стварыўшы новую хвалю субсідавання. Адначасова, паколькі ёсць палітычныя праблемы, яны вырашылі і з гэтага боку “прыкрыць”, каб Аляксандр Рыгоравіч адчуваў сябе больш упэўнена. Я ўвогуле лічу, што паміж імі (кіраўнікамі Расіі і Беларусі — Еўрарадыё) адрозненне стылістычнае, але па сутнасці — вельмі шмат падабенства ў палітыцы. Таму я не здзіўлены такой пазіцыі па санкцыях.
Еўрарадыё: На ваш погляд, нягледзячы на рост інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй, эканамічныя санкцыі супраць нашай краіны, калі яны будуць, да Расіі не будуць мець ніякага дачынення?
Яўген Ясін: Размова ж, наколькі я ведаю, ідзе пра санкцыі ў дачыненні да чыноўнікаў, якія праявілі сябе не лепшым чынам у сферы палітычных рэпрэсій і гэтак далей. Яны будуць эканамічна пакараныя. Лічыць, што гэта сур’ёзна паўплывае не тое што на эканоміку Расіі, але нават і на эканоміку Беларусі — я б не стаў. А іншых санкцый жа ніхто і не прапаноўвае.
Еўрарадыё: Але ж зараз размова ідзе пра санкцыі не ў дачыненні да чыноўнікаў, суддзяў і гэтак далей, а супраць так званых беларускіх алігархаў — Чыжа, Пефціева ўжо ўключылі ў спіс...
Яўген Ясін: Выбачайце, але гэтых толькі вы ведаеце! Я нават не ўяўляю, хто такія гэтыя Пефціеў, Чыж і астатнія — першы раз пра іх чую. Якія алігархі — такія і размовы! У вас у Беларусі адзін алігарх — Лукашэнка. І ён усім кіруе. Ну, з’яўляюцца там яшчэ нейкія людзі, якім ён можа загадаць: “Давайце, укладайце туды і туды”. Вось і ўсё! І на эканамічнае становішча краіны гэта ніяк не ўплывае. Мне ўчора на семінары чыталі даклад аб эканамічным крызісе ў Беларусі ў 2011 годзе. Зразумела, як гэта бачна з Расіі і як гэта можна зразумець з тых дадзеных, якія больш-менш даступныя. Але і з гэтага бачна, што ў вас макраэканамічныя праблемы — у вас знешнегандлёвы баланс з вялікім дэфіцытам і залежыць ад таго, ідуць ці не субсідыі з Расіі. Гэта — сур’ёзныя праблемы. А нейкія там Пефціеў і Чыж — гэта дзіцячы садок! Ні на што санкцыі супраць іх не паўплываюць.
Еўрарадыё: Нам прапаганда дзяржаўная даводзіць, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, супраць беларускіх бізнэсменаў, прывядуць ледзь не да галечы народа...
Яўген Ясін: Ніхто ад гэтага не трапіць у галечу. У вас насельніцтва жыве так, як таго хоча Лукашэнка. Кошты ў вас кантралююцца, вызначаны мінімум тавараў прадастаўляецца насельніцтву па ўсёй краіне. Кантроль і за коштамі на гэты мінімум тавараў, і за іх пастаўкамі захоўвае дзяржава. І таму рэальна і сур’ёзна на матэрыяльнае становішча людзей гэтыя санкцыі не паўплываюць. Увогуле я лічу, што беларускія эканамісты не вельмі добра разумеюць тое, што ў вас адбываецца. Я выбачаюся, але з-за сітуацыі, якая пануе ў вашай краіне, у іх не вельмі добрыя ўмовы для таго, каб мець магчымасць для аналізу. І навука ў вас не вельмі добра развівалася ўсе гэтыя гады. Размовы ідуць на ўзроўні: “Дрэнна, бо Лукашэнка” ці “Добра, бо Лукашэнка”. Але людзі жывуць і вялікі экспарт у Расію. А калі субсідаваліся пастаўкі нафтапрадуктаў, то і экспарт на Захад быў добры нафтапрадуктаў. Але ўсё гэта — часткі звестак адносна эканомікі вялікай краіны. А замежнікі і ўвогуле не могуць нешта зразумець у стане вашай эканомікі, бо вельмі бедная статыстыка. І ад таго, што накладуць санкцыі на Чыжа, Пефціева ды яшчэ некалькі асоб — якое гэта мае значэнне для дабрабыту народа?!
Еўрарадыё: Тады ўзнікае пытанне наконт таго, ці не стануць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі выкарыстоўваць у якасці апраўдання новых расійскіх субсідый у Беларусь?
Яўген Ясін: Не думаю, што патрэбныя нейкія апраўданні. Нашы лідары вельмі добра ўяўляюць, што такога кшталту акцыі ЕС не могуць ўздзейнічаць на Беларусь. Але ў іх ёсць “блакітная мара” — цалкам ажыццявіць праект Мытнага саюза і ЕўрАзЭС. І каб гэта была мадэль больш буйнога ўтварэння, чым адна Расія. І каб тыя краіны, якія задзейнічаныя ў гэтых праектах, прытрымліваліся адзінай палітыкі. Гэта важна. Бо калі лідары краін нейкім чынам звязаныя тымі праблемамі, якія ўзнікаюць у эканоміцы, — з кім сябраваць, якія авансы даваць — гэта мае значэнне. У краінах з такімі рэжымамі, як нашы, палітыка залежыць ад ўзроўня ўзаемаадносінаў паміж лідарамі.
І яны гуляць у гульню: зараз трэба яднаць ЕўрАзЭС і таму заігрываюць з Лукашэнкам, падыгрываюць яму. Каб ён адчуваў, што з боку Расіі ідзе падтрымка. Будуць нейкія цяжкасці ў Назарбаева — яму будуць дапамагаць. Але ці мае гэта нейкае гістарычнае значэнне? Не думаю. Разумеючы ступень залежнасці Беларусі, Расія праводзіць такую палітыку: калі ўсё добра ў Беларусі — можна казаць пра прагматызм, пра неабходнасць рэальнага таварнага абмену. І на гэтай падставе наладжваюць больш жорсткія адносіны. А будуць у Лукашэнкі цяжкасці — пайдуць яму насустрач.
Еўрарадыё: Кажучы пра тое, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі адаб’юцца і на Расіі, Чыжоў папярэдзіў, што Расія гэта не пакіне без сваёй увагі. Што, на ваш погляд, Расія можа зрабіць у адказ на эканамічныя санкцыі ЕС супраць Беларусі?
Яўген Ясін: Захапіць Абхазію! Па шчырасці, не ведаю. Найхутчэй, будзе нейкая цікаўнасць Захада ў адносінах да Ірана, Сірыі, яшчэ нейкіх месцаў у свеце, дзе Расія можа аказваць уплыў. І ў Расіі будуць прымацца рашэнні з улікам таго, што гэтыя еўрапейскія краіны не пайшлі насустрач Расіі тады, калі яна прасіла не націскаць на Лукашэнку.