Ян Фігель: Дрэнна, калі ўсе вартыя людзі з’едуць і будуць чакаць свабоды

Еўрарадыё: Ці можа парламент уплываць на знешнюю палітыку Славакіі?


Ян Фігель: Можа. Мы ўплываем праз парламент наўпрост і праз урад — ускосна. Нагадаю, што менавіта цяперашні склад парламента прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Да таго ж нашы дэпутаты могуць гаварыць на платформе Еўрапарламента. І там менавіта польскія і славацкія еўрадэпутаты ўзнімаюць пытанне сітуацыі ў Беларусі. А ўрад Славакіі чуе голас парламента праз спецкамітэт па еўрапейскіх адносінах. Там фармуецца эканамічная і палітычная праграма, прапануюцца рашэнні і міністры мусяць данесці гэты наш голас да Савета міністраў у Брусэлі і Страсбургу. Нагадаю, што не так даўно была прынята рэзалюцыя па санкцыях у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і менавіта славацкая, чэшская і польская дыпламатыя былі ў гэтым працэсе рухавіком. Да ўсяго, свой уплыў на ўрад аказваюць палітычныя партыі. Я ўзначальваю Хрысціянска-дэмакратычную партыю — адну з найстарэйшых партый нашай краіны. А мы заўсёды падтрымліваем тых, хто выступае за свабоду, справядлівасць і дэмакратыю ў сваіх краінах. Не важна — у Беларусі ці на Кубе. Калі мы ўдзячныя за нашу свабоду, то мы павінны дапамагаць іншым. 


Еўрарадыё: У вас змяніўся ўрад — новы прэм’ер-міністр, у яго новы кабінет. Ці будуць яны прыслухвацца да вашай пазіцыі па Беларусі?

 
Ян Фігель: Спадзяюся на гэта. Для нас гэта надзвычайная сітуацыя — аднапартыйны ўрад. А прэм’ер-міністр любіць лідараў, якія не зусім дэмакраты, скажам так. Але што тычыцца Беларусі, то я мяркую, што пазіцыя Славакіі ёсць і будзе еўрапейскай. Будзе базавацца на тых прынцыпах, якія яднаюць усе дэмакратычныя краіны. Наш новы міністр замежных спраў Лайчак працаваў у Брусэлі, на Балканах на карысць Еўропы. І таму мае спадзяванні небеспадстаўныя: я ўпэўнены, што ён будзе працягваць ранейшую лінію славацкай знешняй палітыкі. Да таго ж, я — не толькі кіраўнік партыі і дэпутат, але і віцэ-прэзідэнт.

 


Еўрарадыё: На свабоду выйшлі два палітвязні. Як вы бачыце сабе далейшае развіццё падзей у перамовах Беларусь-Еўрасаюз?

 
Ян Фігель: Я не чакаю, што існуючая пазіцыя ЕС па гэтым пытанні неяк зменіцца. Не будзе бізнесу такога кшталту, як: вы некага выпусціце, а мы некага выкраслім са спісаў неўязных. Добра, што санкцыі даюць эфект, але я б гэта не пераводзіў у выпадку з Лукашэнкам на рэйкі нейкага трансфера. Я чакаю, што Еўрасаюз накіруе свайго амбасадара ў Мінск, які на месцы будзе тлумачыць чаканні еўрапейскай супольнасці. Трэба весці такі дыялог, які будзе працягам той прынцыповай палітыкі, якой прытрымліваецца зараз Еўрасаюз. 


Еўрарадыё: У Беларусі кажуць, што самай дзейснай санкцыяй Еўрасаюза будзе адмена платы за візы для беларусаў. І нават асобныя мае суразмоўцы-славакі казалі, што ваша краіна мусіць выступіць з гэтай прапановай. А ці можа, да прыкладу, парламент Славакіі ініцыяваць такую кампанію?

 
Ян Фігель: Можа. Я нагадаю, што менавіта Славакія, разам з Польшчай, Чэхіяй і Швецыяй, былі ініцыятарамі “Усходняга партнёрства”. Мэтай якога была еўрапеізацыя Еўропы з дапамогай, у тым ліку, далучэння да гэтага працэсу вашых краін. Тое, пра што вы кажыце, можа стаць працягам гэтага працэсу.


Еўрарадыё: Цікава ваша меркаванне як лідара партыі. Беларуская апазіцыя не можа вырашыць, як ёй паводзіць сябе на будучых парламенцкіх выбарах — байкатаваць, удзельнічаць, не ўдзельнічаць... Якая ваша парада?

 
Ян Фігель: Самы горшы варыянт — пасіўнасць. Свабоды хочуць усе, але за свабоду трэба змагацца. І яшчэ адно — кансалідацыя і сумесныя дзеянні апазіцыі. Стварыць нейкую альтэрнатыву рэжыму і ўплываць на яго могуць толькі тыя, хто можа супрацоўнічаць. Любы рэжым асцерагаецца адзінства апазіцыі. І галоўнае, чаго баіцца рэжым, — што людзі перастануць баяцца.


Еўрарадыё: У Беларусі актыўна абмяркоўваецца магчымасць стварэння ўрада ў выгнанні. Як вы ставіцеся да гэтай ідэі?

 
Ян Фігель: Любой уладзе неабходны аўтарытэт — сілавы альбо маральны. І павінен быць давер да ўрада. У часы камунізму шмат ўплывовых славакаў знаходзіліся ў выгнанні за мяжой. Гэта былі вельмі аўтарытэтныя людзі. І іх уплыў на наша грамадства, на працэсы, якія ў ім адбываліся, быў вялікі, але — не ён быў галоўным. Галоўнае заўсёды — гэта тое, што адбываецца ў самой краіне. Таксама вельмі дрэнна, калі ўсе вартыя людзі з’едуць з краіны і будуць чакаць, калі прыйдзе свабода ў Беларусь. Свабода сама не прыйдзе.