Вырашаць, ці браць удзел у выбарах, апазіцыя можа яшчэ два месяцы
Кансультацыі апазіцыі наконт магчымасці ўдзелу ў парламенцкіх выбараў могуць зацягнуцца да 25 сакавіка.
Да гэтага часу дэмакраты паспрабуюць знайсці паразуменне і выпрацаваць агульную стратэгію. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік кіраўніка партыі “Справядлівы свет” Валеры Ухналёў.
Ухналёў: “Калі б гэта было вельмі проста ў дэмакратычным асяроддзі Беларусі, то гэта ўжо было б зроблена. Але ёсць розныя падыходы, рознае бачанне — і гэта нармалёва. Пакуль рашэнне не прынята, але гаворка ідзе пра 25 сакавіка – тады, магчыма, будзе прынята нейкае агульнае рашэнне. Але гэта павінна быць менавіта агульнае рашэнне, а не ў кожнага сваё”.
Пакуль жа адны выступаюць за абвяшчэнне байкоту выбараў ужо сёння. Другія хочуць абмежаваць удзел вылучэннем сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Трэція — за вылучэнне кандыдатаў, каб выкарыстаць выбарчую кампанію для прапаганды сваіх ідэй, але напярэдадні галасавання зняць іх кандыдатуры. Чацвёртыя выступаюць за тое, каб кандыдаты ішлі да канца.
Нагадаю, кансультацыі апазіцыі наконт удзелу ў будучых выбарах праходзяць у рамках "шасцёркі". Нагадаем, што ў кааліцыю ўваходзяць Партыя БНФ, АГП, рух "За Свабоду", аргкамітэт БХД, грамадзянская кампанія "Гавары праўду!", партыя левых "Справядлівы свет".
Чарговае пасяджэнне “шасцёркі” прызначана на 26 студзеня. Да абмеркавання пытання ўдзелу-не ўдзелу апазіцыі ў выбарах плануецца прыцягнуць грамадскасць з дапамогай СМІ. Ухналёў не выключае, што будзе зладжаны і Кангрэс дэмакратычных сіл.