Вучыць замежныя мовы да чэмпіянату па хакеі будуць каля 100 міліцыянтаў
А пакуль сталічныя міліцыянты карыстаюцца адмысловымі размоўнікамі.
“Без дапамогі валанцёраў чэмпіянат свету не абыдзецца. Гэта такая сусветная практыка. І Беларусь выкарыстоўвае іх, калі праводзіць у сябе спаборніцтвы рознага ўзроўню”, -- расказвае Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Беларусі Уладзімір Несцяровіч.
Як даведалася Еўрарадыё, да дапамогі падчас чэмпіянату свету па хакеі 2014 у Мінску прыцягнуць студэнтаў Лінгвістычнага універсітэта і Акадэміі фізкультуры. Прэс-сакратар Міністэрства спорту аднойчы асабіста меў вопыт працы з валанцёрамі.
“Я працаваў у Федэрацыі футбола. І мы праводзілі фінальную частку чэмпіянату Еўропы па футболе сярод дзяўчат да 19 гадоў. У тым ліку і ў мяне, як начальніка прэс-службы, дзяўчына з Лінгвістычнага універсітэта. Вельмі надзейны і добры супрацоўнік”.
Перад чэмпіянатам Еўропы па футболе, які пройдзе ў Польшчы і ва Украіне летам, украінскія міліцыянты вучаць англійскую. Атрымліваецца слаба. Кіраўнік Грамадскага савета пры МУС Украіны Эдуард Багіраў кажа, што толькі 15% міліцыянераў ведае некалькі фраз.
“Будзем прыцягваць тых міліцыянераў, якія ведаюць мову”, -- кажуць ва Ўпраўленні фізічнай культуры і спорту Мінгарвыканкама
А кіраўнік Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Канстанцін Шалькевіч абяцае Еўрарадыё, што ў выпадку патрэбы міліцыянтаў англійскай навучаць.
“Калі будзе неабходнасць, то міліцыянты будуць вучыць мову”.
Падрабязнасці атрымалася даведацца ў Акадэміі МУС Беларусі. Там ёсць кафедра... беларускай і замежных моваў. Кіраўніца кафедры Святлана Дзянісава расказвае, што падрыхтоўка пачынаецца ў верасні 2013 году.
“Гэта як бы курсы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўка ўсіх супрацоўнікаў, якія будуць задзейнічаныя. Плюс – будуць прыцягвацца курсанты Акадэміі МУС. Для патрулявання, для абслугоўвання. Ужо падрыхтаваныя ўсе матэрыялы. Вопыт ёсць. У савецкія часы рыхтавалі да Алімпіяды”.
Еўрарадыё даведалася, што вывучаць замежныя мовы будуць каля сотні міліцыянераў. А рэшта задаволіцца кішэннымі размоўнікамі, уведзенымі яшчэ сем гадоў таму. Там сабраныя самыя неабходныя для міліцыянта фразы на польскай, французскай, нямецкай і англійскай мовах. З іх дапамогай ён не толькі падкажа, дзе знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка, але і раскрые злачынства.
“Гэта як бы курсы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўка ўсіх супрацоўнікаў, якія будуць задзейнічаныя. Плюс – будуць прыцягвацца курсанты Акадэміі МУС. Для патрулявання, для абслугоўвання. Ужо падрыхтаваныя ўсе матэрыялы. Вопыт ёсць. У савецкія часы рыхтавалі да Алімпіяды”.