Віктар Гарбачоў: 1 мільён беларусаў не будзе галасаваць за Лукашэнку

Больш за 8 тысяч подпісаў індывідуальных прадпрымальнікаў перададуць сёння актывісты аргкамітэта па стварэнні грамадскага руху “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” і кампаніі “Гавары праўду!” у Адміністрацыю прэзідэнта. Прадпрымальнікі патрабуюць, каб закон “Аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэса”, прыняты Палатай прадстаўнікоў, не падпісваў кіраўнік дзяржавы. Пра гэта заявіў лідар руху прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў.

Віктар Гарбачоў: “Чыноўнікі і парламент без узгаднення з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнэса вынеслі на разгляд свой закон, падпісалі яго ў двух чытаннях, і сёння гэты праект ляжыць у прэзідэнта. Засталося толькі яму махнуць рукой. Але толькі 15% гэтага праекта закона адпавядаюць сённяшняй рэчаіснасці. Усё астатняе — даўно састарэлае, незразумелае і няўцямнае. Таму лепш не спяшацца, прыпыніць прыняцце закона і распрацаваць яго з нармальнымі эканамістамі і юрыстамі. Бо ёсць і людзі, і напрацоўкі з прапановамі”.



Рашэнне збіраць подпісы за прыпыненне прыняцця гэтага закона было прынятае ў ліпені. Было запланавана сабраць 10 тысяч подпісаў. Паводле словаў Гарбачова, лісты з подпісамі яшчэ падвозяць з рэгіёнаў і можна казаць, што запланаванае сабралі. А з улікам таго, што акцыя прадпрымальнікаў супала па часе з прэзідэнцкай кампаніяй, Гарбачоў папярэдзіў Ярмошыну, што гэтыя людзі не падтрымаюць Аляксандра Лукашэнку.

Віктар Гарбачоў: “235 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, а з чальцамі сем’яў — роўна 1 мільён, — гэта выбаршчыкі нашай краіны. І мы высоўваем жорсткае патрабаванне ў перыяд выбарчай кампаніі: закон мусіць быць прыпынены, закон мусіць быць распрацаваны пры нашым непасрэдным удзеле. У выпадку невыканання нашых патрабаванняў гэты мільён не будзе галасаваць за цяперашнюю ўладу і мы можам смела сказаць Ярмошынай: “Спадарыня Ярмошына, калі вы гэты мільён намалюеце прэзідэнту, то гэта мана. І гэты мільён будзе адстойваць свае галасы іншымі сродкамі”.



Лідар прадпрымальнікаў не выключыў, што адстойваць свае галасы яго паплечнікі выйдуць на плошчу. І папярэдзіў, што іх выбар належыць лідару кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміру Някляеву.

Тым часам сам Някляеў нагадаў, што яшчэ Еўрарадыё прызнаўся, якім будзе першы закон, падпісаны ім у якасці прэзідэнта.

Уладзімір Някляеў:
“Калі мяне запыталі пра тое, што я буду рабіць, калі стану прэзідэнтам, які будзе мой першы закон, я казаў, што будзе падпісаны закон, распрацаваны дэпутатамі разам з прадпрымальнікамі, — пра малы і сярэдні бізнэс”.



Гарбачоў хутка зарыентаваўся і прапанаваў гэта абяцанне замацаваць на паперы.

Віктар Гарбачоў: “Каб гэта не было галаслоўна, вось у мяне ляжыць заява, у вашай прысутнасці будзе падпісаная Ўладзімірам Някляевым: “Я, грамадзянін Беларусі Ўладзімір Някляеў, далучаюся да патрабаванняў індывідуальных прадпрымальнікаў аб прыпыненні ўвядзення ў дзеянне закона “Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва” і накіраванні яго на дапрацоўку”. Зараз вы паставіце подпіс і даты і я пра гэта буду казаць людзям”.



Някляеў пагадзіўся і тут жа падпісаў гэты дакумент “аб узаемадзеянні”, а Гарбачоў зацвердзіў яго сваім подпісам. Праўда, кіраўнік “Гавары праўду!” змрочна пажартаваў, што паход лідара прадпрымальнікаў з сабранымі подпісамі ў Адміністрацыю прэзідэнта можа скончыцца такім жа чынам, як і яго паход туды ж з паштоўкамі, дзе людзі напісалі пра свае крыўды прэзідэнту. Тады ў Някляева сабраныя пасланні не прынялі — запатрабавалі, каб прынёс даверанасць ад кожнага падпісанта на тое, што паэту даручылі прадстаўляць іх інтарэсы.

Фрта: Змітра Лукашука