Вадзім Крук атрымаў савецкі уклад. Яго не хапіла на латарэйны білет (фота)

“Гэты рахунак, як высветлілася, адкрывала мая бабуля. Я аб ім не ведаў. Рахунак называецца “18 накопительный”. Па сканчэнні 18 гадоў я павінен быў атрымаць суму нейкую, вялікую. Я паразмаўляў з мамай учора, і яна ўзгадала, што бабуля паклала на яго тысячу рублёў. Тады гэта былі вялікія грошы. Мяркуючы па выпісцы з рахунка, ён быў адкрыты 24 жніўня 1984 года”, -- расказвае Еўрарадыё Вадзім з Гомеля.
Два дні таму хлопец атрымлівае з Беларусбанка ліст з запрашэннем наведаць адно з аддзяленняў. Па тэлефоне Вадзіму нічога не патлумачылі, запрасілі прыйсці асабіста. Як аказалася, каб закрыць рахунак, адкрыты… 27 гадоў таму. За гэты час тысяча савецкіх рублёў ператварылася ў… 3320 беларускіх. Параўнаць сумы можна, калі ўлічыць, што ў 84-ым годзе за долар давалі 67 капеек. 3320 беларускіх рублёў на сёння – гэта ўсяго 30 цэнтаў.
У “Беларусбанку”, якому ў спадчыну дасталіся старыя савецкія ўклады, такое абясцэньванне тлумачаць дэнамінацыямі.
“Гэта ж старыя ўклады. 1984 года. Калі ў той час клалі тысячу рублёў савецкіх, то ў нас праходзілі дэнамінацыі. 20 жніўня 1994 года ў дзесяць раз паменшыліся ўклады і грашовая адзінка. Былі ў нас зайчыкі. 10 было напісана, а плацілі адзін да аднаго. Потым на першага студзеня 2000 праводзілі дэнамінацыю ў тысячу разоў. У тысячу разоў абясцэніўся беларускі рубель. Адпаведна і уклады ў тысячу разоў, і пенсіі, і заробкі. Усё ў тысячу разоў памяншалі”.

Уклад бабулі Вадзіма абясцэніўся настолькі, што ён нават не стаў забіраць свае грошы.
“Я іх не забіраў. Я дадаў тысячу і ўзяў там на месцы латарэйны білет. Шчыра кажучы, мне неяк нават было непрыемна ў рукі іх браць. Прастаяць столькі ў чарзе, згубіць час. Калі б я ведаў, навошта мяне выклікае банк, не паехаў бы. Мне сказалі, што па тэлефоне такой інфармацыі не даюць. Усё было зроблена, каб прыйшоў і закрыў рахунак”.

Верагодна, пра тыя савецкія ўклады беларусаў увогуле ніхто б не ўспомніў. Аднак, як даведалася Еўрарадыё, банк зараз стварае новую сістэму кіравання рахункамі. Таму трэба разлічыцца па ўкладах часоў СССР.
Вадзіму яшчэ пашанцавала. Як прызнаюцца Еўрарадыё ў “Беларусбанку”, часта бывае, што па савецкім ўкладззе сёння атрымліваюць… дзесяць беларускіх рублёў!
Беларусбанк: “Сёння, калі кліент прыходзіць закрываць гэтыя старыя савецкія ўклады, то выплачваць там, вядома, можа нават і менш за дзесяць рублёў. То бок уклад тады ўжо бліжэй да нуля ідзе. Вось такая сітуацыя з тымі ўкладамі”.

Бабулін уклад не выратавалі шматлікія індэксацыі і кампенсацыі. Урад праводзіў іх тройчы -- у 92, 93 і 98-ым годзе.
Згодна з раздрукоўкай, якую Вадзім атрымаў у банку закрываючы рахунак, сума ўкладу яго бабулі пасля 91-году змянялася мноства разоў. Працэнтная стаўка па ім з 9% у 1990 годзе ў 95-ым вырасла ажно да 420% гадавых. Аднак у 2000-ыя паступова знізілася да 20-ці. Такім чынам, па гэтай раздрукоўцы можна прасачыць усю эканамічную гісторыю незалежнай Беларусі.
“Ну, гэта як наша эканоміка развівалася за ўвесь гэты перыяд. Усё, што адбывалася, гэта адбівалася і на ўкладах”, - прызнаюць у Беларусбанку.