Украінскія ветэрынары: “Падчас любых вучэнняў пагалоўе не знішчаецца!”
Украіна закрыла мяжу для беларускай свініны, бо не верыць версіі пра “вучэнні”.
“Яна нас, далікатна кажучы, не задавальняе”, — кажуць у Дзяржаўнай ветэрынарнай службе паўднёвай суседкі. Мяжу для беларускай свініны закрылі 29 лютага, праз два тыдні пасля падзей у вёсцы Нязнанава, дзе падчас вучэнняў былі знішчаныя ўсе свінні з прыватных гаспадарак.
“Часова закрыта. На перыяд вызначэння сітуацыі. Мы афіцыйна звярталіся ў ветэрынарную службу Беларусі. Там нам канкрэтных адказаў не далі, і таму лепш перастрахавацца”, — расказвае Еўрарадыё прэс-сакратар украінскай ветслужбы Анатоль Асадчы.
120301 Pilecki Svinni.mp3
Увесь гэты час украінцы спрабуюць атрымаць хоць нейкую інфармацыю ад беларусаў. Марна! У іх шмат пытанняў без адказаў.
“Першае пытанне — у сувязі з чым было знішчана пагалоўе свіней у адным з населеных пунктаў Гродзенскай вобласці? Адказу на гэтае пытанне мы не атрымалі. Вы са мной пагодзіцеся, што падчас правядзення любых вучэнняў пагалоўе не знішчаецца? Ёсць іншыя метады! Пытанне задалі — адказу не атрымалі”.
У расійскім Рассяльгаснаглядзе закрываць мяжу беларускай свініне пакуль не спяшаюцца. Там пра беларускія вучэнні чулі.Затое ўкраінцы маўчаннем Мінска амаль абураныя і сочаць за “свінымі” навінамі з Беларусі... у інтэрнэце, “бо там інфармацыі больш”.
“Мы атрымоўваем больш звестак з інтэрнэту, чым ад кампетэнтнага органа ў Беларусі, які паводле міжнародных стандартаў павінен нас інфармаваць. У нас нават рада ветэрынараў СНД дзейнічае, ніхто ж яе не адмяняў!!! А мы больш інфармацыі атрымліваем са СМІ”.
Беларускі бок працягвае адмоўчвацца. Прэс-сакратарка Міністэрства сельскай гаспадаркі не працуе ўжо трэці (!) тыдзень. Кажуць — захварэла. А больш сітуацыю ніхто не каментуе.
Тым часам намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага кантролю Беларусі Міхаіл Арэшка заяўляе журналістам, што проста не можа… датэлефанавацца да сваіх украінскіх калег.
Еўрарадыё гэта зрабіць змагло, нам кажуць, што адкрыць мяжу ўкраінцы гатовыя ў любы момант. Будзе дастаткова толькі праўдзівай інфармацыі ад Мінска.
“Атрымаць афіцыйнае паведамленне ад кампетэнтнага органа Беларусі — ад Міністэрства сельскай гаспадаркі. Адказ, што гэта вучэнні і таму знішчылі свіней, нас, мякка кажучы, не задавальняе”.
Еўрарадыё будзе сачыць за сітуацыяй і нават можа падзяліцца з беларускімі ветэрынарамі нумарамі тэлефонаў іх украінскіх калег!
“Мы атрымоўваем больш звестак з інтэрнэту, чым ад кампетэнтнага органа ў Беларусі, які паводле міжнародных стандартаў павінен нас інфармаваць. У нас нават рада ветэрынараў СНД дзейнічае, ніхто ж яе не адмяняў!!! А мы больш інфармацыі атрымліваем са СМІ”.