У судзе над анархістамі ідуць спрэчкі бакоў
Судовае следства закончылася ў першай палове дня 24 траўня.
Нагадаем, працэс над Максімам Веткіным, Яўгенам Селівончыкам, Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам ідзе ў судзе Заводскага раёна Мінску. Хлопцаў вінавацяць у нападах на будынкі — у прыватнасці, Міністэрства абароны, расійскую амбасаду ў Мінску і турму на завулку Акрэсціна.
24 траўня ў суд павінны былі з'явіцца яшчэ тры сведкі, аднак ніводзін з іх у суд не прыйшоў. Таму суддзя Жанна Хвайніцкая вырашыла прачытаць пратаколы іх допытаў падчас следства. На следстве сведкі сцвярджалі, што Аліневіч і Дзядок арганізавалі акцыю каля казіно "Шангры Ла", абодва з'яўляюцца прыхільнікамі анархічных ідэй. Пра акцыю каля расійскай амбасады ўсе ведалі толькі па чутках, а пра дачыненне да яе Аліневіча меркавалі толькі з уласных здагадак.
Таксама былі зачытаныя паказанні эксперта, які даследаваў адзін з канфіскаваных па справе камп'ютараў, адзначае БелаПАН. Спецыяліст выказаў меркаванне, што камп'ютар мог мець доступ да анархісцкага сайта "Аўтаномнае дзеянне", таксама знойдзеныя сляды працы з акаўнтам youtube.com, які выкарыстоўваўся для размяшчэння роліка з акцыі каля Генштаба.