У новай школе — адзін падручнік на некалькіх вучняў
У гродзенскай школе, разлічанай на 930 чалавек, вучыцца на 660 дзяцей больш.
Навучальны год пачаўся месяц таму, а ў навюткай гродзенскай школе №38 вучні вымушаныя дзяліць адзін камплект падручнікаў на некалькі чалавек. Гэта пры тым, што бацькі ўсе аднолькава заплацілі за камплекты кніг. Праблемы жыхароў гродзенскага мікрараёна Вішнявец дайшлі да Еўрарадыё.
“Хапае там падручнікаў. Хай яны мне тэлефануюць у аддзел адукацыі. Чаму яны вам тэлефануюць? Вы што, будзеце падручнікі ім пастаўляць? Я думаю, што наўрад ці радыёстанцыя будзе, — здзіўляецца чыноўніца аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёна Святлана Арлова і абяцае, што пытанне будзе вырашана. — Пытанне вырашаецца. За сёння, за заўтра пасля абеду пытанне будзе цалкам закрытае. Падручнікаў там проста не хапае, бо кантынгент павялічаны. Столькі класаў мы не прадбачылі”,
Радыёстанцыя, насамрэч, не можа забяспечыць школу ўсім неабходным. Журналісты толькі спрабуюць разабрацца, чаму дзеці не атрымалі падручнікі, за якія месяц таму ўжо заплацілі іх бацькі. Грошы невялікія — ад 20 да 30 тысяч за камплект, але таксама на дарозе не валяюцца. Адказ ведае Сяргей Кісялёў, дырэктар той самай школы № 38. Аказваецца, будаўнікі “памыліліся” з разлікамі. Пабудавалі школу для тысячы дзяцей, а прыйшло туды паўтары тысячы.
“Таму што вялікая колькасць навучэнцаў у школе. Новы мікрараён. На ўліку ўсіх дзяцей не было. Планавая напаўняльнасць школы 930 чалавек, а атрымалася 1592. Ніхто ж не ведаў, што такая іх колькасць будзе”.
Такім чынам гродзенскія чыноўнікі памыліліся ў сваіх разліках на 662 вучні. Атрымоўваецца, што замест адной новай школы трэба было будаваць дзве. Таму дзеці пакуль вымушаныя вывучаць матэматыку, рускую і беларускую мовы, а таксама літаратуру па чарзе.