У крамах прадаецца радыска з Галандыі, а беларуская ідзе за мяжу
Тым часам на рынку айчынная радыска ў 5 разоў танней, чым у крамах — прывазная.
У мінскіх крамах прадаецца радыска з Нідэрландаў і шампіньёны з Літвы. Гэта калі на двары валютны крызіс. Паглядзеўшы на вітрыны, карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў даведацца, куды дзяецца беларуская радыска і шампіньёны — якія на рынку каштуюць танней.
“Мы бярэм прадукцыю на фірмах, працуем па безнаяўным. А з фермерамі — ім трэба адразу грошы. А мы не можам адразу аддаць грошы, мы працуем з адтэрміноўкай плацяжу”, — тлумачыць таваразнаўца крамы “Дыянісій”, чаму радыска галандская ёсць, а беларускай — няма.
У краме “Радзівілаўскі” кажуць, што грыбы і радыску яны замаўляюць у імпарцёраў фруктаў. Так прасцей.
“Мы бярэм машыну з садавінай і адразу замаўляем у іх радыску і шампіньёны”.
Кілаграм радыскі з Нідэрландаў у краме каштуе 25 тысяч рублёў. Кілаграм шампіньёнаў з Літвы — 37 тысяч. Чаргі і асаблівага ажыятажу перад гэтым аддзелам не заўважна. Яно і зразумела. Да прыкладу, на Камароўскім рынку беларуская радыска каштуе усяго 5 тысяч за кіло, а шампіньёны — па 22 тысячы.
На рынку таксама цвердзяць, што здаваць прадукцыю ў крамы нявыгадна. Маўляў, для фермераў складана адкрываць безнаяўны рахунак.
“Радыску прывозяць з Брэсту, яны прыватнікі. Крама не можа набываць за наяўныя вялікую колькасць прадукцыі. Фермер яшчэ можа зрабіць сабе рахунак, а для простага калгасніка гэта складана”, — кажа гандляр на рынку.
Жанчына, якая прадае радыску на Камароўскім рынку, згаджаецца з гэтым. Кажа, ёй выгадна прадаць тут, а з крамамі яна не працуе.
Каб даведацца, чаму няма беларускіх шампіньёнаў, карэспандэнт Еўрарадыё звярнуўся ў фірму “Грыбная краіна”. Як высветлілася, айчынныя шампіньёны з’явяцца праз пару тыдняў, бо зараз на іх няма попыту, запэўнівае дырэктар па развіцці кампаніі Антон Пужэвіч.
Антон Пужэвіч: “На сёння, калі ў нас няма дастатковага аб’ёму для задавальнення рынку, яны (імпарцёры замежных шампіньёнаў — заўв. Еўрарадыё) прывозяць шампіньёны, магчыма, па большых коштах, чым мы, але яны даюць рынку гэты тавар. Пройдзе тыдзень-два — і будуць беларускія грыбы”.
А вось калі ў крамах з’явіцца беларуская радыска, невядома. Рэч у тым, што аптавікам выгадней вывозіць яе… за мяжу, а не прадаваць у крамы за беларускія рублі. Прынамсі, так патлумачыў праблему адзін з экспарцёраў.
“Нашыя вытворцы ўмеюць лічыць грошы. Яны хочуць экспартаваць і атрымаць валюту. Бо ім трэба тэхніка, угнаенні, ёсць абавязальніцтвы перад банкамі. Усё завязана на вываз, вось і ўся пятрушка”.
Нагадаем, адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў першым квартале 2011 года склала больш за 3 мільярды долараў.
Фота: dv-cvet.ru