У Гродне затрымалі памежных гандляроў і грамадскіх актывістаў
15 чэрвеня ў Гродне а 19.00 на Савецкай плошчы павінен быў адбыцца збор памежных гандляроў.
Цягам апошняга тыдня яны пратэстуюць супраць ўвядзення новых мытных правілаў перасячэння дзяржаўнай мяжы. Ужо на падыходзе да плошчы людзей пачалі затрымліваць. Адным з першых затрыманых стаў грамадска-палітычны актывіст Дзмітрый Бандарчук. Нягледзячы на тое, што ён паказаў свае дакументы, яго разам з чатырма іншымі асобамі прымусілі сесці ў міліцэйскую машыну. Дзмітрый Бандарчук паспеў паведаміць праз тэлефон, што іх вязуць у кірунку Кастрычніцкага РАУС.
Праз 10 хвілін стала вядома пра затрыманне ўжо больш як 10 чалавек, сярод іх — Надзея Крапівіна, жонка палітвязня Алеся Кіркевіча, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.