У Драгічыне следчыя абяцаюць не перахопліваць будынак у дзяцей

Дырэктар Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў Сяргей Падлужны ў разгубленасці: ім паабяцалі перадаць памяшканне скасаванага раённага аддзялення Нацбанка. А зараз, нібыта, аддаюць яго новастворанаму Следчаму камітэту.


Сяргей Падлужны: “Будынак наш прызнаны аварыйным, існуе пагроза абвальвання даху. Увосень мы хадзілі ў іншы будынак. Праўда, там трэба пэўную перапланіроўку зрабіць. З упраўленнем капітальнага будаўніцтва папрацавалі, чарцяжы ўжо ёсць. І вось 30 лістапада яны кажуць: “Усё, адбой". Бо аддаюць іншым структурам. Ну, мы здагадаліся, якім — Следчы камітэт прэтэндуе на гэты будынак”.


Паводле словаў дырэктара, пад рэканструкцыю будынка былі нават выдзеленыя грошы. Каб неяк схіліць вырашэнне пытанне на карысць 344 вучняў мастацкай школы, быў накіраваны адпаведны ліст на імя кіраўніка краіны.


Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч пра “канфлікт інтарэсаў” паміж дзецьмі і праваахоўнікамі нічога не ведае.


Тамара Паўлюковіч: “Можа быць, на ўзроўні нейкіх размоў і адбываецца гэта — каб перадаць будынак Следчаму камітэту, але мы гэта нават не абмяркоўвалі”.


У кіраўніка мясцовага аддзела Следчага камітэта Барыса Асаўцова ёсць версія, з чаго пачалося “драгічынскае непаразуменне”.


Барыс Асаўцоў: “Старшыня Следчага камітэта, напэўна, гаварыў са старшынёй Нацбанка па тых будынках, дзе скарачаюцца аддзяленні Нацбанка — што яны будуць адыходзіць  Следчаму камітэту. Гэта іх вусная дамоўленасць, але ніякіх пытанняў па Драгічыне не ўзнікала”.


Драгічынскія следчыя пакуль “арандуюць” пакоі ў новым будынку мясцовай пракуратуры. І, па словах галоўнага следчага, не жадаюць пакрыўдзіць дзяцей са школы мастацтваў.


Ці сапраўды Нацбанк гатовы аддаць будынкі ўсіх сваіх скарочаных раённых аддзяленняў Следчаму камітэту, Еўрарадыё цікавіцца ў кіраўніка банкаўскай прэс-службы Аляксандра Цімашэнкі. Але той не здольны пацвердзіць ці абвергнуць існаванне “жыллёвай дамовы” паміж іх установай і Следчым камітэтам.


Дарэчы, у Брэсце абласное ўпраўленне Следчага камітэта месціцца ў будынку, які раней належыў упраўленню папярэдняга расследавання мясцовай міліцыі. У сталіцы яны занялі будынак па адрасе Першамайская,7, дзе месціліся такія ўстановы, як выдавецтвы "Светач" ды "Белбланквыдат".