У Беларусі працуюць гастарбайтэры з Турцыі, Кітая, Ірана і ЕС
На будаўніцтве “Прэзідэнт-гатэля” з беларусаў толькі ахоўнікі і кіроўцы.
Роўна ў восем гадзін раніцы да прахадной будоўлі “Прэзідэнт-гатэля”, размешчанай у некалькіх метрах ад Адміністрацыі Лукашэнкі, пад’язджаюць мікрааўтобусы, поўныя рабочых неславянскай знешнасці. На “Добры дзень” ад карэспандэнта Еўрарадыё яны толькі круцяць галовамі, усміхаюцца і адказваюць нешта па-турэцку. Але ад аб’ектыва фотаапарата хутка хаваюцца ў машыне.
Ахоўнікі расказваюць, што рабочых прывозяць і забіраюць арганізавана, брыгадзіры ў іх таксама туркі. На будоўлі замежныя не толькі рабочыя. Амаль уся тэхніка, аблепленая лагатыпамі турэцкай фірмы EMSAS Construction, зусім не беларускай вытворчасці. МАЗы толькі пясок падвозяць.
Мэр сталіцы Мікалай Ладуцька кажа, што ў Мінску будуюць так шмат, што не хапае будаўнікоў, і таму да нас прыязджаюць замежныя.
“Працоўных рук для поўнай рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы недастаткова,але казаць аб сур'ёзных катаклізмах няправільна. У Мінск прыязджаюць працаваць спецыялісты з іншых краін… На ўзвядзенні "Прэзідэнт-гатэля" задзейнічаныя турэцкія будаўнікі, гасцінічнага комплексу ў Канатным завулку – латышы. А яшчэ палякі, кітайцы. Колькасць апошніх у бліжэйшы час павялічыцца, калі пачнецца будаўніцтва гатэлю "Пекін" і мікрараёна Лебядзіны”, -- распавёў Ладуцька ў інтэрв’ю газеце “СБ. Беларусь сегодня”.
"Прэзідэнт-гатэль" на сайце турэцкай кампаніі.
Замежныя будаўнікі ў Беларусі звычайна працуюць на тых аб’ектах, якія будуюць замежныя фірмы. У аддзеле кадраў найбуйнейшай сталічнай будаўнічай арганізацыі – “Мінскбуда” – Еўрарадыё расказваюць, што аддаюць перавагу беларускім рабочым. Кітайцы і іншыя там не патрэбныя.
“У нашай арганізацыі не працуюць. Гэта ў нейкіх прыватных арганізацыях, якія не датычацца “Мінскбуда”. У нас ёсць свае – беларускія рабочыя, якім трэба плаціць нармальны заробак і забяспечваць іх жыццё. Навошта нам кітайцы і іншыя? Навошта валюту вывозіць з краіны?”.
Нягледзячы на тое, што “Мінскбуду” сёння бракуе каля тысячы чалавек, браць на працу там будуць толькі беларусаў.
“Дзесьці каля тысячы чалавек не хапае на сённяшні дзень. Мы працуем з абласцямі, бярэм адтуль людзей, з ПМК сельскіх. Яны заробак атрымліваюць яшчэ меншы, чым у Мінску. Іх гэта задавальняе. Трэба сваіх карміць людзей”.
У аддзеле кадраў іншай будаўнічай арганізацыі Мінска – “Мінскпрамбудза” – таксама кажуць, што замежнікі ў іх не працуюць. Толькі ў прыватных арганізацыях, якія супрацоўнічаюць з ёй.
“Ну, так. Недзе ў прыватных арганізацыях нашых ёсць. У “Мінскпрамбудзе” – няма. Толькі ў філіялах могуць быць людзі”.
Успомніць нацыянальнасці замежнікаў кадравікі “Мінскпрамбуда” не могуць. Гавораць, што нібыта в’етнамцы працуюць на нейкім з аб’ектаў.
Што там аддзел кадраў, нават у Камітэце па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама кажуць, што ніяк не адсочваюць сітуацыю з замежнымі рабочымі. Колькі іх, і дзе яны працуюць – там не ведаюць.
“Гэта ніяк не адсочваецца. Магчыма, Камітэт эканомікі вам можа нешта сказаць. Паводле заключаных інвестыцыйных дамоваў. Мы такой інфармацыі не маем”.
Статыстыку аб замежных будаўніках у Мінску знаходзім ва Упраўленні па грамадзянстве і міграцыі. Там расказваюць, што ў першым квартале гэтага года да нас афіцыйна прыехала каля 500 замежных будаўнікоў з розных краін.
“Шмат працуюць. З розных краін. І Літва, і Латвія, і Расія будуюць у нас. Кітай, Іран”.
У аддзелах кадраў дзяржаўных будаўнічых арганізацый тым часам наракаюць, што беларускія будаўнікі працягваюць з’язджаць у Расію. 5-ці мільёнаў заробку, заяўленага Ладуцькам, ім не хапае.
“У нашай арганізацыі не працуюць. Гэта ў нейкіх прыватных арганізацыях, якія не датычацца “Мінскбуда”. У нас ёсць свае – беларускія рабочыя, якім трэба плаціць нармальны заробак і забяспечваць іх жыццё. Навошта нам кітайцы і іншыя? Навошта валюту вывозіць з краіны?”.