У апараце прэзідэнта Літвы абвяргаюць сустрэчу з беларускімі чыноўнікамі
Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў нядзелю 15 студзеня ніякіх сустрэч не праводзіла. Ні афіцыйных, ні неафіцыйных.
Яе ўвогуле не было ў прэзідэнтуры, сцвярджае ў гутарцы з Еўрарадыё дарадца прэзідэнта Літвы Іялана Гужайтэ Квінтус.
“Нядзеля была непрацоўным днём. І тут, у прэзідэнтуры, не было ніякіх працоўных сустрэчаў”, — сцвярджае спадарыня Квінтус.
Еўрарадыё: “Не было афіцыйных сустрэч. І неафіцыйных таксама не было?”
Іялана Гужайтэ Квінтус: “Так, не было. Вакол нас Стары горад. І тут машыны стаяць. Гэта нават не самая блізкая да нас вуліца. Гэта проста Стары горад, дзе гэтая машына стаіць”.
Што тычыцца святла ў вокнах другога паверха прэзідэнтуры, то па словах дарадцы Далі Грыбаўскайтэ, найхутчэй там проста працавалі прыбіральшчыкі, якія наводзілі парадак у памяшканні. Наколькі верагодна, што ідуць таемныя перамовы паміж прэзідэнтам Літвы і прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Спадарыня Квінтус адказала так:
“У інтэрнэце кожны мае права свабодна выказваць сваё меркаванне на любую тэму”.
Нагадаем, 16 студзеня ў інтэрнэце з’явіліся здымкі сіняга BMW X5м з беларускімі нумарамі, прыпаркаванага непадалёк ад прэзідэнтуры Літвы. А таксама сцвярджалася, што нумары серыі КН належаць гаражу Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі.
Фота: Блог Андрэя Вайтовіча