Ці трапіў у “чорны спіс” Еўрасаюза суддзя, які выносіў прысуд "тэрарыстам"?

Новы “блэкліст” Еўрасаюза ўтрымлівае 21 прозвішча. У ЕС кажуць, што там пераважна работнікі судоў і міліцыянты. Вось толькі хто гэта можа быць — незразумела. Гучны працэс за апошнія месяцы быў толькі адзін — справа Каваленкі. Праваабаронцы і лідары апазіцыі гавораць, што ў новы спіс суддзі і пракуроры трапілі за працэсы 2011 году.

“Я мяркую, што гаворка ідзе, верагодна, аб тых суддзях, якія прымалі рашэнні па падзеях 19 чысла і непасрэдна з імі звязанымі. То бок далёка не ўвесь склад судзейскага корпусу, які быў уключаны ў гэтыя працэсы, быў у папярэднім спісе”, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова.

120228 Pilecki Spis.mp3

Праваабаронца дадае, аднак, што ўсё стане зразумелым толькі пасля публікацыі спісу. Верагодна, што там могуць апынуцца і асобы, якія маюць дачыненне да прысудаў Канавалаву і Кавалёву. Прынамсі, Еўрасаюз заняў у гэтым пытанні адназначную пазіцыю.

“Не хацела б рабіць па гэтым нейкіх папярэдніх высноваў. Але па пытанні смяротнага пакарання, а таксама па пытанні прысудаў, што былі вынесеныя Канавалаву і Кавалёву, Еўрапейскі Саюз выказаўся адназначна і недвухсэнсоўна”.

Ці будзе намеснік старшыні Вярхоўнага суда Аляксандр Федарцоў, які выносіў вырак Канавалаву і Кавалёву, у спісе неўязных, стане вядома 29 лютага. Любоў Кавалёва гаворыць, што ў "чорны ліст" павінен трапіць не толькі Федарцоў, але і іншыя суддзі працэсу, і пракурор.

Не можа назваць прозвішчаў з новага "чорнага спісу" адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Ён мяркуе, што суддзяў туды ўключалі за старыя грахі.

“Гэта маглі быць суддзі, якія спрычыніліся да парушэння правоў чалавека ў нейкі папярэдні перыяд, але не былі ў спісах. Гэта ж не абавязкова за нейкі канкрэтны перыяд часу”.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька гаворыць, што нават не здагадваецца, хто там можа быць. Ён дадае, што ніхто не звяртаўся да АГП з ЕС па дапамогу па складанні спісу.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заўважае, што яго партыя можа хадайнічаць за ўключэнне туды той альбо іншай асобы. Але пакуль гэтай магчымасцю не карысталася.

“Ведаеце, персанальна да БХД па кансультацыі не звярталіся. Безумоўна, мы, БХД, як і іншыя апазіцыйныя суб’екты, можам уплываць на гэты спіс”.

А вось адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў уплываць на складанне "чорных спісаў" ЕС не хоча. Палітык кажа, што вырашаць гэта павінен сам Еўрасаюз. І дадае, што лепш бы механізм уключэння туды беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў быў цалкам празрыстым.

“Я ўсё ж такі за празрыстыя і зразумелыя правілы, як там людзі апыняюцца і як ім адтуль выходзіць. Мне падаецца, што гэта не я вырашаю. Увогуле, на гэта неяк там ціснуць мне не падаецца правільным”.

Склад спіса неў’язных стане вядомы 29 лютага.

Фота: photo.bymedia.net

Беларусь — ЕС. Хроніка дыпламатычнай вайны. Год 2012